Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскіх дэпутатаў не пусьцілі ў Беларусь; Сойм прыняў рэзалюцыю


Радыё Свабода Сойм Літвы сёньня прыняў рэзалюцыю, у якой выказваецца рэзкае асуджэньне рэпрысіўным дзеяньням беларускіх уладаў супраць удзельнікаў выбарчай кампаніі. Упершыню ў афіцыйным дакумэнце Літвы беларускае кіраўніцтва названае рэжымам, які ўжывае рэпрэсіі супраць сваіх апанэнтаў.

У літоўскім парлямэнце абмеркаваньне праектаў рэзалюцыі адносна сытуацыі ў Беларусі напярэдадні выбараў адкладвалася двойчы. Сёньня пераважнай бальшынёй галасоў была прынятая рэзалюцыя з найбольш жорсткімі фармулёўкамі.

У рэзалюцыі Сойму Літвы гаворыцца: “Ацэньваючы рэпрэсіі, якія апошнім часам ўжывае беларуская ўлада супраць лідэраў апазыцыі й іншых удзельнікаў выбараў і з увагі на відавочныя перашкоды кандыдатам – апанэнтам рэжыму паўнавартасна удзельнічаць у будучых прэзыдэнцкіх выбарах” Сойм Літоўскай Рэспублікі “рэзка асуджае такія дзеяньні і выказвае салідарнасьць зь людзьмі суседняй Беларусі, якія імкнуцца да свабоды і эўрапейскай дэмакратыі”.

Сябра камітэту замежных справаў Літвы, які першым ініцыяваў парлямэнцкую рэзалюцыю па беларускім пытаньні, Вацлаў Станкевіч, сказаў нашаму радыё адразу пасьля галасаваньня у Сойме:

(Станкевіч: ) “Зразумела, што рэзалюцыі не павінны заклікаць жыхароў іншых краінаў да выбару нейкага палітычнага курсу. Але выказаць сваё меркаваньне ўсяму сьвету, як рэагуе Літва на падзеі ў суседняй краіне – гэта павінна было быць зроблена абавязкова. І мы гэта зрабілі, хаця і спазьніліся, але прыняялі усё ж такую рэзалюцыю”.

Кіраўнік парлямэнцкага камітэту замежных справаў Літвы сацыял-дэмакрат Юсьцінас Каросас, які належыць да кіруючай фракцыі ў парлямэнце, да ўчорашняга дню выступаў за тое, каб агульная рэзалюцыя Сойму па Беларусі разглядалася толькі пасьля выбараў. Сёньня менавіта ён прапанаваў больш рэзкія фармулёўкі тэксту рэзалюцыі:

(Каросас: ) “З увагі на зьмены ў сытуацыі ў нашых дачыненьнях зь Беларусьсю, тое, што нашым парлямэнтарам адмовілі ў візах, праблема набыла большую актуальнасьць. Мы павінны даць сваю ацэнку”.

Літоўскія палямантары адзначалі, што на галасаваньне не павінна уплываць тое, што сёньня раніцай амбасада РБ у Літве бяз тлумачэньняў адмовілася выдаць візы некалькім літоўскім парлямэнтарам, якія меліся удзельнічаць у назіральнай місіі АБСЭ на выбарах 19 сакавіка.

Літоўскі парлямэнтар Эмануэліс Зінгерыс, які адказвае за справы палітыкі суседзтва у парлямэнце, выступаючы сёньня у Сойме, сказаў:

(Зінгерыс: ) “Нам вельмі важна, каб беларускі рэжым не распачаў сваіх дзеяньняў на тэрыторыі Літвы, паколькі гэта рэжым савецкага тыпу. Ужо цяпер нашым грамадзянам без падставаў адмаўляюць у візах. Мы павінны зьвярнуцца да розных інстытуцыяў і арганізаваць асобнае паседжаньне па пытаньні дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі ў суседніх дзяржавах. Гэты рэжым савецкага тыпу зьдзяйсьняе агрэсыўную палітыку і унутры сваёй краіны, і за межамі”.

Міністэрства замежных справаў Літвы ужо накіравала у амбасаду Рэспублікі Беларусь у Літве ноту з рэзкім пратэстам у сувязі зь беспадстаўнай адмовай выдаць візы літоўскім парлямэнтарам.
XS
SM
MD
LG