Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз асуджае арышты, пагражае санкцыямі


Ганна Соусь, Прага Эўразьвяз прыгразіў увесьці больш жорсткія санкцыі супраць Беларусі, калі вынікі прэзыдэнцкіх выбараў будуць сфальшаваныя. Эўракамісар Беніта Фэрэра-Вальднэр сёньня назвала нядаўнія арышты апазыцыйных актывістаў у Менску непрымальным парушэньнем хады выбарчай кампаніі. Прадстаўніца Эўракамісіі Эма Удвін заявіла, што да сьпісу шасьці беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у Эўразьвяз, могуць быць даданыя новыя імёны.

Сёньняшняя рэзкая заява Эўракамісара Бэніты Фэрэра-Вальднэр з асуджэньнем рэпрэсій рэжыму Аляксандра Лукашэнкі – прыкмета усё большай непазьбежнасьці ўвядзеньня санкцый супраць беларускага кіраўніцтва. Заяву Эўракамісара сёньня ў Брусэлі агучыла для журналістаў прадстаўніца Эўракамісіі Эма Ўдвін:

(Удвін: ) "Новая хваля аршытаў лідэраў апазыцыі ў Беларусі за апошнія два дні – гэта цалкам непрымальна. Я занепакоеная паведамленьнямі пра затрыманьне знанага лідэра аб’яднанай апазыцыі Анатоля Лябедзькі, зь якім я сустракалася ў Страсбуры летась увосень, як і іншых актывістаў каманды зарэгістраванага кандыдата Аляксандра Мілінкевіча за апошнія 24 гадзіны. Такія арышты ня могуць мець месца ў правядзеньні свабодных і справядлівых выбараў”.

Камісар Эўразьвязу ў замежных сувязях і палітыцы эўрапейскага суседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр яшчэ раз зьвярнулася да беларускіх уладаў з заклікам неадкладна вызваліць апазыцыйных актывістаў, якія знаходзяцца цяпер за кратамі.

Яна гэтаксама асудзіла забарону на ўезд у Беларусь сябрам дэлегацыі Эўрапарлямэнту, арышт актывістаў недзяржаўных арганізацый, у тым ліку і экспэртаў скандынаўскай групы, а таксма адмову ў доступе да інфармацыі шматлікім замежным журналістам.

Эма Удвін заявіла сёньня, што яшчэ зарана казаць пра захады, якія прыме Эўразьвяз, калі выбары будуць прызнаныя несвабоднымі і несправядлівымі. Пакуль дзейнічае забарона на ўезд у Эўразьвяз для шасьці беларускіх чыноўнікаў, але гэты сьпіс можа быць пашыраны.

(Удвін: ) "Відавочна, што мы ня хочам уводзіць якія-небудзь санкцыі, якія б пашкодзілі народу Беларусі. Калі ўсё ж будзе прынятае рашэньне зрабіць больш жорсткімі шэраг абмежаваньняў, уведзеных Эўразьвязам ў дачыненьні да Беларусі, то яны будуць тычыцца тых, хто будзе несьці адказнасьць у выпадку, калі выбары прызнаюць несвабоднымі і несправядлівымі".

У канфідэнцыяльных размовах эўрапейскія чыноўнікі гавораць пра візавыя забароны і замарожваньне рахункаў беларускім чыноўнікам ў банках Эўразьвязу. Аднак гэтае рашэньне павінна быць прынятае сумесна 25 дзяржавамі сябрамі Эўразьвязу.

У панядзелак у Брусэлі адбудзецца сустрэча міністраў замежных справаў Эўразьвязу, аднак, паводле эўрапейскіх чыноўнікаў, ад гэтай сустрэчы зарана чакаць дэталёвага рашэньня.

Прадстаўніца Эўракамісара заявіла таксама, што ў сваіх высновах Эўразьвяз будзе абапірацца і на заключэньне, якое зробяць назіральнікі ад АБСЭ ў панядзелак 20 сакавіка у 14.30.
XS
SM
MD
LG