Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва RТVі: у Беларусі нас закрылі з палітычных прычынаў


Радыё Свабода Апэратар эфірна-кабэльнага тэлебачаньня “Космас ТВ” спыніў трансьляцыю міжнароднага расейскага каналу RТVi, на якім ад канца лютага кожны тыдзень выходзіла перадача, прысьвечаная Беларусі. Прадстаўнікі “Космас ТВ” спасылаюцца на тэхнічныя прычыны. Кіраўніцтва RТVi гаворыць, што канал будзе недаступны беларускім тэлегледачам на ўвесь пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў.

Прадстаўнік апэратара эфірна-кабэльнага тэлебачаньня “Космас ТВ” Аляксандар Карнавух так патлумачыў раптоўнае зьнікненьне з пакету перадачаў каналу RТVi.

(Карнавух: ) “Трансьляцыя каналу спыненая ў зьвязку з выхадам са строю карткі доступу для прыманьня спадарожнікавага каналу. Мы тэрмінова правялі перамовы, паставіўшы канал “Настальжы”, каб пазнаёміць людзей з гэтым прадуктам. Днямі пытаньне з карткай вырашыцца, але тэрмін “днямі” залежыць ад таго, як хутка яна да нас прыйдзе”.

На пачатку году кансорцыюм на чале зь нямецкай кампаніяй “Мэдыя кансульта” стаў пераможцам тэндэру Эўракамісіі для арганізацыі незалежнага вяшчаньня на Беларусь. Згодна з умовамі тэндэру, за два гады кансорцыюм мае разьмеркаваць 2 мільёны эўра паміж шэрагам радыёстанцыяў, газэтаў і тэлекампаніяў для арганізацыі тэматычных выпускаў пра падзеі ў Беларусі. 26 лютага стартавалі адразу два праекты, арыентаваныя на беларускую аўдыторыю. У рамках праграмы “Акно ў Эўропу” пачало перадаваньне “Эўрапейскае радыё для Беларусі”.

У якасьці тэлепартнэра “Мэдыя кансульта” абрала тэлеканал RТVi, заснаваны расейскім бізнэсоўцам Уладзімірам Гусінскім. 26 лютага ў эфір выйшла першая перадача з назвай “Акно ў Эўропу”, якая да ўчорашняга дня трансьлявалася ў нядзелю з паўторамі ў панядзелак, аўторак, сераду і чацьвер. Дырэктар каналу RТVi Міхаіл Баршчэўскі расказаў, што ў канфідэнцыйнай размове беларускі бок патлумачыў, зь якой прычыны адбылося адключэньне тэлеканалу.

(Баршчэўскі: ) “Учора нам затэлефанавалі ад імя найбуйнейшага кабэльнага апэратара, зь якім мы працуем у Беларусі, і паведамілі: ім званілі зь нейкага “верху”, і жорстка было запатрабавана адключыць наш канал на час выбараў. І толькі. Бо ў апэратараў ёсьць кантрактныя абавязкі, і калі адключыць назаўсёды, то фірма можа збанкрутаваць. Бо самі разумееце, вялізная колькасьць гледачоў, якія прымаюць наша тэлебачаньне ў Беларусі”.

Спадар Баршчэўскі дадаў, што нэрвовую рэакцыю беларускіх уладаў магла выклікаць праграма, якая выйшла ў мінулыя выходныя і якую павінны былі паўтарыць учора. Аднак, на думку спадара Баршчэўскага, яна была абсалютна вытрыманая і ня мела нейкіх выпадаў на адрас кіраўніцтва краіны.

(Баршчэўскі: ) “Была ў мінулую суботу перадвыбарчая праграма, прысьвечаная выбарам у Беларусі, Украіне і Расеі. Яна была нармальная, аб’ектыўная. Перад гэтым было ліставаньне зь беларускай амбасадай у Маскве: мы прапанавалі паставіць любыя сюжэты, якія яны палічаць патрэбнымі. Гэтаксама прапанавалі ўзяць інтэрвію ў дзейнага прэзыдэнта. На ўсе прапановы была адмова. Таму выступалі прадстаўнікі выбарчых штабоў апазыцыі, выступалі вельмі сур’ёзныя камэнтатары. Ніякіх скаргаў з боку Расеі і Ўкраіны на гэтую праграму не было. Але з боку Беларусі сутыкнуліся з тым, што нашым кабэльным апэратарам прапанавалі нас “вырубіць”. Відавочна, такая рэакцыя ўлады. Мне ня вельмі, праўда, зразумела, чаго баяцца ў дадзеным выпадку ўлада і тыя людзі, якія яе прадстаўляюць, адсякаючы тэлегледачоў ад аднаго з самых папулярных тэлеканалаў, які глядзяць ува ўсім сьвеце”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG