Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускія й грузінскія палітыкі камэнтуюць заявы шэфа КДБ Сухарэнкі?


Радыё Свабода Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сябра выбарчага штабу Аляксандра Казуліна Аляксей Кароль і кіраўнік камітэту міжнародных сувязяў грузінскага парлямэнту Котэ Габашвілі пракамэнтавалі сёньняшнія заявы шэфа беларускага КДБ Сьцяпана Сухарэнкі. І беларускія, і грузінскі палітык перакананыя, што гэтыя выказваньні падчас прэсавай канфэрэнцыі маюць за мэту запалохваньне беларускіх грамадзянаў напярэдадні выбараў.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі і давераная асоба Аляксандра Мілінкевіча Анатоль Лябедзька, імя якога фігуравала ў сёньняшнім выступе Сьцяпана Сухарэнкі, назваў ягоныя словы гістэрыяй, якая замацоўвае пачуцьцё страху ў людзей:

(Лябедзька: ) “Шэфу КДБ трэба баяцца не сваіх апанэнтаў, якія нешта тут рыхтуюць у Менску, а двух санітараў з псыхіятрычнай лякарні. Тое, што ён сёньня казаў, складана камэнтаваць. Мае сустрэчы з грузінскімі парлямэнтарамі — гэта абсалютна нармальная зьява. Я ж не сустракаўся з бэн Ладэнам. Я думаю, што ўсё гэта ў кантэксьце 19 сакавіка. Улада дванаццаць гадоў імкнулася, каб у краіне ўсе чаго-небудзь баяліся, і сама заразілася вірусам гэтага страху. Гэта ўжо гістэрыя. Няма ніякіх доказаў, ёсьць толькі пагрозы, словы й разьлік на тое, што людзі 19-га ня выйдуць на вуліцы”.

А вось меркаваньне сябра выбарчага штабу Аляксандра Казуліна Аляксея Караля:

(Кароль: ) “Адназначна, ні штаб Казуліна, ні БСДП “Грамада” нічога такога не рыхтавала й не рыхтуе. І нават у дурным сьне не меркавала такога рабіць. Я думаю, што гэта ж адносіцца і да ўсёй апазыцыі. А такія заявы ёсьць працягам усё той жа ідэі, якую штодзённа мы бачым па тэлебачаньні. Гэта “пагроза стабільнасьці”, і пад яе шукаюць факты. Я думаю, гэта проста ці дурная фантазія, ці фактура, якая падганяецца пад магчымыя сілавыя дзеяньні ўладаў”.

Старшыня камісіі міжнародных сувязяў парлямэнту Грузіі Котэ Габашвілі быў уражаны заявай Сухарэнкі пра тое, што ўдзельнікі масавых акцыяў 19 сакавіка будуць прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці за тэрарызм:

(Габашвілі: ) “Страх заўсёды выклікае ў чалавеку, з аднога боку, паніку, а зь іншага — паўстае жорсткасьць і зьнікае нармальнае ўспрыняцьце рэальнасьці. Напалоханы рэжым Беларусі стварае новую ідэалягічную аснову для правядзеньня наступных рэпрэсіяў і масавых фальсыфікацыяў выбараў. А Сухарэнка сёньня нейкія фантастычныя думкі выдае. Якая можа быць трэніроўка для падпалу школы? Гэта страх. Сухарэнка заявіў, што КДБ будзе расцэньваць спробы дэстабілізаваць сытуацыю напярэдадні й падчас прэзыдэнцкіх выбараў як тэрарызм. Гэта фантастыка! Усе, хто выйдзе на вуліцу і паспрабуе дэстабілізаваць сытуацыю, будуць кваліфікавацца па артыкуле “тэрарызм”? Такога, Божа мой, пасьля Яжова ніхто не казаў”.

На думку Котэ Габашвілі, менавіта з-за страху беларускія ўлады робяць антыгрузінскія заявы й не пускаюць на прэзыдэнцкія выбары грузінскіх назіральнікаў.
XS
SM
MD
LG