Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

"Вольны горад" застаўся без кампутараў


Радыё Свабода Арыштавана аргтэхніка і ўчынены ператрус у рэдакцыі незалежнай крычаўскай газэты “Вольны горад”.

Паводле рэдактара выданьня Сяргея Няроўнага, супрацоўнікі магілёўскага АМОНу, КДБ супольна з крычаўскімі праваахоўнымі органамі й з санкцыі пракурора зьявіліся ў кватэру, дзе месьціцца рэдакцыя “Вольнага гораду”.

Гаспадара кватэры, Уладзімера Кудраўцава, тэрмінова выклікалі з працы й, з патрабаваньня праваахоўнікаў, ён быў змушаны адчыніць дзьверы.

Кіраваў апэрацыяй падпалкоўнік Рабыка, які паведаміў спадару Кудраўцаву, што ў ягонай кватэры, нібыта, знаходзіцца скрадзеная аргтэхніка крычаўскай раённай бальніцы.

Праз паўтары гадзіны гаспадара кватэры й арыштаваную тэхніку даставілі ў Крычаўскі РАУС. Уладзімер Кудраўцаў адмовіўся даваць якія-кольвек паказаньні — і празь дзьве гадзіны быў адпушчаны.

Уладальнікі аргтэхнікі Сяргей Няроўны й Уладзімер Маторанка напісалі скаргі ў раённую пракуратуру.

На дадзены момант работа над чарговымі нумарамі “Вольнага гораду” прыпынена.
XS
SM
MD
LG