Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Казлоўшчыне прымушаюць галасаваць датэрмінова


Радыё Свабода, Гарадзенская вобласьць У мястэчка Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну з самай раніцы звозілі людзей з навакольных вёсак на датэрміновае галасаваньне. Дзеля гэтага далі спэцыяльныя аўтобусы. У Казлоўшчыну прыяжджаў старшыня райвыканкаму спадар Грыдчанка й асабіста назіраў, як людзі галасуюць.

Дэпутат раённага Савету Пётра Цярэшка пайшоў на ўчастак у якасьці назіральніка. Зь ягоных словаў, у людзей нават не пыталі пашпартоў, бо прывозілі наўпрост з працы.

Тут і рабочыя з калгасу “Слава працы”, і супрацоўнікі псыханэўралягічнага інтэрнату.

У кабіну для галасаваньня заходзілі па некалькі чалавек, і ніхто ніякіх заўваг людзям не рабіў.

Спроба праверыць кабіну для галасаваньня дэпутату райсавету не ўдалася.

Спадар Цярэшка дапытваўся ў людзей, зь якой прычыны галасуюць сёньня, не прычакаўшы нядзелі. І вось што ён дазнаўся:

(Цярэшка: ) “Маладыя ідуць галасаваць; са школы настаўнікі; зь бібліятэкі, што тут побач. “Змушаюць”, — кажуць. “Ну, што я зраблю, калі мяне застаўляюць?” — скардзяцца. Вось і ўсё. Ідуць людзі”.

Дэпутат Цярэшка распавядае, што зьвярнуўся да старшыні райвыканкаму з намерам высьветліць, навошта людзей сёньня прывозяць на выбарчы ўчастак, калі ўсе здолелі б прагаласаваць у нядзелю. “Адказ — удакладняе Пётра Цярэшка — аказаўся даволі простым”: “Пасьля выбараў мы яшчэ з вамі пагаворым”...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG