Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З апэрацыйнага стала – у аўтобус АМОН


Радыё Свабода Актывіста незарэгістраванага моладзевага руху “Зубар” Мікіту Сасіма супрацоўнікі Баранавіцкай міліцыі перавезьлі зь менскага шпіталю ў Баранавічы. Мікіту Сасіма затрымалі 14 сакавіка. У аддзеле міліцыі ў яго пачаўся прыступ апэндыцыту, і яго праапэравалі ў 9-м клінічным шпіталі.

Раніцай у палату, дзе знаходзіўся пасьля апэрацыі Мікіта Сасім, увайшлі некалькі чалавек у чорным. Яны патлумачылі Мікіту, што мусяць забраць яго ў Баранавічы, дзе юнак прапісаны. Мікіта пасьпеў сказаць сваёй сяброўцы, што, хутчэй за ўсё, сьледчыя адновяць спыненую крымінальную справу, якую распачалі за ўхіленьне ад службы ў войску.

Журналістаў і паплечнікаў Мікіты Сасіма не пусьцілі нават у шпітальны калідор.

Сяброўка Мікіты была разам зь ім у палаце. Яна распавяла, што мэдыкі падзяліліся на дзьве групы — адны катэгарычна настойвалі, што хлопец пасьля апэрацыі мусіць быць у палаце, там больш, што ў яго яшчэ ня зьняты швы. А іншыя, сярод якіх было і кіраўніцтва аддзяленьня, казалі, што нічога страшнага — маўляў, у Баранавічах таксама ёсьць мэдыкі. Радыё Свабода камэнтаваць сытуацыю ў шпіталі адмовіліся.

Сяброўка Мікіты Сасіма Алена Прапляска назірала, як міліцыянты забіралі яго са шпіталю.

(Прапляска: ) “Гэта ж трэба, каб такі быў небясьпечны чалавек, каб яго аднаго забіраў цэлы аўтобус АМОНу, а потым аж з саміх Баранавічў прыехала цэлая брыгада дазнавальнікаў. І ўсё дзеля аднаго хлопца. Адкажыце, ці моцная наша ўлада, калі адзін хлопец можа быць такі небясьпечны? Было відаць, што дактары ў прынцыпе разумеюць, што паводле мэдычных паказчыкаў яго перавозіць нельга. Але праблема ў тым, што яны не маглі супраціўляцца”.

Міліцыянты паведамілі, што Мікіта пакуль будзе знаходзіцца ў Баранавіцкім шпіталі. Прычынаў тэрміновай дастаўкі хлопца ў Баранавічы яны не назвалі.
XS
SM
MD
LG