Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Датэрмінова галасуюць найперш пэнсіянэры й студэнты


Радыё Свабода Ад аўторка, 14 сакавіка, у Беларусі працуюць выбарчыя ўчасткі для датэрміновага галасаваньня на выбарах прэзыдэнта краіны. Паводле паведамленьняў з Цэнтравыбаркаму, толькі ў першы дзень да скрыняў прыйшлі 3% ад агульнай колькасьці выбарнікаў. Ці шмат менчукоў галасуюць датэрмінова?

У будынку Палацу культуры трактарнага заводу, што на вуліцы Даўгабродзкай, разьмешчаны адразу два выбарчыя ўчасткі — №14 і 15. Побач месьціцца сам завод — адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў сталіцы, экалягічны ўнівэрсытэт імя Сахарава, а таксама машынабудаўнічы каледж. Але ў кабінкі для галасаваньня часьцей за іншых заходзілі пэнсіянэры.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму вы сёньня вырашылі прагаласаваць?”

(Пэнсіянэрка: ) “Я хачу ў суботу паехаць да сваякоў”.

(Карэспандэнтка: ) “А за каго галасавалі?”

(Пэнсіянэрка: ) “Ха-ха-ха! А гэта сакрэт”.

(Пэнсіянэрка: ) “Чаму сёньня? Ці мала што ў нядзелю. Вось і прыйшлі сёньня”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі не сакрэт, за каго галасавалі?”

(Пэнсіянэрка: ) “За “бацьку”. Мы пакуль ня скардзімся на яго”.

(Карэспандэнтка: ) “А чаму вы вырашылі сёньня галасаваць?”

(Пэнсіянэр: ) “Ды мне ўсё адно, але ў іншы дзень магу ўжо і не прыйсьці”.

Рабочых трактарнага заводу альбо іншых выбарцаў сярэдняга веку на выбарчых участках спаткаць не давялося. А вось студэнты ішлі.

(Карэспандэнтка: ) “Калі не сакрэт, чаму вы сёньня галасуеце?”

(Студэнт: ) “Бо выкладчыкі сказалі, каб раней галасавалі, тады можна будзе дадому ехаць на выходныя”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы часта дадому езьдзіце — кожныя выходныя ці не?”

(Студэнтка: ) “Не, я ежджу раз на тры месяцы”.

(Карэспандэнтка: ) “А чаму вырашылі паехаць менавіта цяпер?”

(Студэнтка:) “Таму што даюць выходны ў суботу, бо звычайна субота ў нас — навучальны дзень”.

Тым ня менш, паводле сакратаркі выбарчага ўчастку Тацяны Мурашкі, цяпер актыўнасьць выбарцаў традыцыйна не высокая.

(Мурашка: ) “Зусім мала народу, адсотак невялікі набіраецца. Трыццаць чалавек — гэта ж не адсотак. Калі датэрміновыя выбары, то няма такога, каб шмат народу ішло”.

Чаму не сьпяшаюцца датэрмінова галасаваць людзі сярэдняга веку, пытаюся ў мінакоў на вуліцы.

(Спадар: ) “Калі прызначаны адзін дзень галасаваньня — значыць, і галасаваць трэба ў адзін дзень, каб не было ніякіх махінацыяў з гэтымі аркушамі”.

(Спадар: ) “А які сэнс галасаваць датэрмінова? У нас жа выбарчыя бюлетэні як аформленыя? Гэта ж нейкая паперка з двума подпісамі на адваротным баку. І замяніць іх альбо прызнаць несапраўднымі можна вельмі лёгка. Падліку гэтых бюлетэняў не вядзецца. Выбары — гэта фармальнасьць, хутчэй за ўсё”.

Пра тое, як праходзіць датэрміновае галасаваньне ў Менску, паведамляла Галіна Абакунчык. Паводле афіцыйных паведамленьняў, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году на асобных участках Менску датэрмінова галасавалі да 80% выбарцаў.
XS
SM
MD
LG