Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: агітатара за Мілінкевіча затрымалі на выбарчым участку


Радыё Свабода, Віцебск Дзяніса Латыша, які развозіў па выбарчых участках агітацыйныя матэрыялы пра кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Мілінкевіча, міліцыянты затрымалі з ініцыятывы старшыні камісіі выбарчага ўчастку №4.

Старшыня камісіі зьвярнуўся да дзяжурнага супрацоўніка міліцыі з просьбаю затрымаць агітатара й выклікаць міліцэйскі нарад. Нарад пад’ехаў адначасна з Хрыстафорам Жаляпавым — кіраўніком абласнога штабу Мілінкевіча, якому патэлефанаваў затрыманы.

Тлумачэньні на месцы не дапамаглі, і затрыманы актывіст, а таксама спадар Жаляпаў мусілі паехаць у Кастрычніцкі райаддзел міліцыі. Там разьбіральніцтва працягвалася яшчэ каля трох гадзін, і ўрэшце Хрыстафору Жаляпаву ўдалося пераканаць міліцыянтаў, што агітатар нічога не парушыў.

Дзяніса Латыша адпусьцілі, ня склаўшы аніякіх дакумэнтаў адносна гэтага факту, але й не папрасіўшы прабачэньня за беспадстаўнае затрыманьне.
XS
SM
MD
LG