Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым займаліся Гайдукевіч, Казулін і Лукашэнка за два дні да выбараў?


Радыё Свабода Агітацыйная кампанія кандыдатаў на прэзыдэнта Сяргея Гайдукевіча, Аляксандра Казуліна й Аляксандра Лукашэнкі праходзіць у ранейшым рэжыме.

Паводле Сяргея Гайдукевіча, па ўсёй Беларусі ідзе распаўсюд агітацыйнай прадукцыі. Гэтай працай займаецца больш за пяць тысяч чалавек.

(Гайдукевіч: ) “Трэба дзейнічаць у прававых рамках. Ідуць людзі, раздаюць каляндарыкі і літаратуру, не зьбіраючы вакол сябе людзей. Гэта дазволена законам. У Менску ў дзевяці пунктах працуюць людзі з раніцы да вечара”.

Спадар Гайдукевіч таксама праводзіць сустрэчы, у тым ліку з замежнымі журналістамі і парлямэнтарамі:

(Гайдукевіч: ) “Графік настолькі шчыльны, што мне давядзецца ў пятніцу і суботу працаваць бліжэй да штабу. Таму што неверагодная колькасьць сустрэчаў. Гэта проста нейкі абвал”.

Аляксандар Казулін сустрэнецца з выбарцамі ў менскім кінатэатры “Дружба”, а ягоныя давераныя асобы накіруюцца ў Магілёў. Паводле сябра штабу Ўладзімера Нісьцюка, рабочая група Аляксандра Казуліна вядзе кансультацыі з камандай Аляксандра Мілінкевіча. Разглядаецца магчымасьць агульнай сустрэчы з выбарцамі.

(Нісьцюк: ) “Заўтра — у нас такая накладка адбылася — што, не дамаўляючыся ні пра што, спадар Мілінкевіч і спадар Казулін замовілі менскі кінатэатр “Электрон” на адзін і той жа час на сустрэчу. Можа, сам Бог дапамагае, каб гэтыя два чалавекі сустрэліся разам з выбарцамі ў адзін час і нешта сказалі разам. Можа, нам удасца дамовіцца і такую сустрэчу правесьці”.

Спадар Казулін накіраваў таксама заяву ў Цэнтравыбаркам пра тое, што ў шэрагу навучальных установаў прымушаюць галасаваць датэрмінова. Дарэчы, на ранейшыя скаргі адносна парушэньня выбарчага заканадаўства адказаў судзьдзя Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч. Ён заявіў, маўляў, “суд меў досьвед нэгатыўнага ўварваньня ў палітычную сфэру ў пэрыяд 1994—1996 гадоў. Гэта прынесла шкоду, у тым ліку і суду”.

Аляксандар Лукашэнка працягваў выконваць абавязкі кіраўніка краіны. З выбарцамі актыўна сустракаюцца ягоныя давераныя асобы. На заўтра падрыхтаваны тэлезварот спадара Лукашэнкі да беларускага народу. Пра зьмест звароту апавёў прэс-сакратар Дзьмітры Косьцін:

(Косьцін: ) “Гэта зварот кіраўніка краіны да грамадзянаў Беларусі ў сувязі з правядзеньнем прэзыдэнцкіх выбараў. Гэта традыцыйная форма зваротаў да суграмадзянаў, каб актывізаваць грамадзянскую пазыцыю выбарцаў”.
XS
SM
MD
LG