Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста з Шчучына падазраюць у тэрарызьме?


Радыё Свабода, Гарадзенская вобласьць Чацьвёртыя суткі ў сьледчым ізалятары Шчучына без вылучэньня абвінавачаньняў трымаюць Сяргея Ляшкевіча. Сяргея Ляшкевіча падазраюць у крымінальнай справе па артыкуле 293 ч 3 Крымінальнага кодэксу (навучаньне ці іншая падрыхтоўка асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках). Абвінавачаньняў да яго ня вылучылі, але такую меру стрыманьня, са слоў маці Ляшкевіча, сьледчы выбраў, каб ён ня мог уцячы ці зьдзейсьніць злачынства.

Ірына Ляшкевіч штодня ходзіць у пракуратуру. Яна паведаміла, што ўчора адбылася вочная стаўка. Абвінавачаньняў да сына дагэтуль ня вылучылі, але сьледчы Іван Новікаў цьвердзіць, што доказаў хапае, каб два месяцы да сканчэньня сьледзтва утрымліваць яго за кратамі. Гаворыць Ірына Ляшкевіч:

(Ляшкевіч: ) “Ёсьць пастанова пракуратуры, у якой тлумачыцца, чаму яго не выпускаюць. Маўляў, ён можа ўцячы, альбо зьдзейсьніць новае злачынства. Гэта азначае, што адно злачынства ён ужо зьдзейсьніў. Так яны вырашылі, без прысуду”.

На наступным тыдні, паводле спадарыні Ляшкевіч, у судзе будзе разглядацца скарга адваката, які патрабуе зьмяніць для Сяргея Ляшкевіча меру стрыманьня.

Цяпер Ірыну Ляшкевіч найбольш хвалюе стан здароўя сына, бо Сяргей хварэе на астму:

(Ляшкевіч: ) “Ён там не выжыве ў той камэры з сваёй астмай, дзе, у дадатак, яшчэ й паляць. Я наагул ня ведаю, што далей будзе”.

Крымінальная справа на Сяргея Ляшкевіча заведзена ў Шчучыне на падставе прызнаньня нейкага Аляксандра Бурдзея, які, быццам, зьявіўся ў міліцыю з павіннай.

Аляксандар Бурдзей, нібыта, прызнаўся міліцыі, што Сяргей Ляшкевіч рыхтаваў яго да тэрарыстычнай дзейнасьці.

У той самы дзень у Сяргея Ляшкевіча зрабілі ператрус, сканфіскавалі кампутар, архіўныя паперы, а потым і затрымалі.
XS
SM
MD
LG