Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: незалежныя назіральнікі ўжо склалі 10 актаў пра парушэньні


Радыё Свабода Праваабаронцы Магілёва падвялі вынікі назіраньня за першымі двума днямі датэрміновага галасаваньня. Каардынатар назіраньня са штабу Мілінкевіча Аляксандар Каралёў паведаміў, што ў Магілёве за датэрміновым галасаваньнем на 94 выбарчых участках са 144 назіраюць актывісты Магілёўскага праваабарончага цэнтру, Беларускага Хэльсынскага камітэту, Клюбу выбарцаў, прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, Партыі БНФ, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, ПКБ.

За два дні складзена дзесяць актаў пра парушэньні выбарчага заканадаўства. Спадар Каралёў кажа, што парушэньні такія ж, як й падчас мінулых выбарчых кампаніяў. Скрыні апячатваюць плястылінавымі пячаткамі, якія лёгка сарваць; на час абедзеннага перапынку не апячатваюць памяшканьні; знаёміцца са сьпісамі выбарчай камісіі маюць магчымасьць камэнданты інтэрнатаў, дырэктары прадпрыемстваў — усё гэта супярэчыць заканадаўству. На двух участках зафіксаваныя выпадкі, калі выбарчыя бюлетэні выдавалі па прапусках.

На заўвагі назіральнікаў найчасьцей выбарчая камісія не рэагуе. Спробы ж назіральнікаў сфатаграфаваць скрыні палічылі за парушэньне, хаця ў Выбарчым кодэксе, кажа спадар Каралёў, забаронаў на такія дзеяньні няма.

Што да актыўнасьці выбарцаў, дык у сярэднім участкі наведваюць штодня ад 40 да 60 чалавек. Найбольшай актыўнасьцю вылучаюцца ўчасткі ў прамысловых раёнах, паведаміў спадар Каралёў.
XS
SM
MD
LG