Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня КДБ палохае арганізатараў акцыі 19 сакавіка сьмяротнай карай


Радыё Свабода Старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка папярэдіў тых, хто зьбіраецца прыняць актыўны ўдзел у акцыі на Кастрычніцкай плошчы 19 сакавіка. Пра жорсткія захады адносна ўдзельнікаў несанкцыянаваных уладамі мерапрыемстваў заявіў і генэральны пракурор Пётар Міклашэвіч.

У нацыянальным прэс-цэнтры адбылася прэсавая канфэрэнцыя старшыні КДБ Сьцяпана Сухарэнкі, генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча й міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава, прысьвечаная падзеям вакол прэзыдэнцкіх выбараў. Старшыня КДБ заявіў, што дзеяньні актыўных удзельнікаў несанкцыянаваных падзеяў 19 сакавіка будуць кваліфікавацца паводле артыкулу аб тэракце.

(Сухарэнка: ) “Паводле артыкулу аб тэрарызьме, будуць прыцягвацца да адказнасьці ўсе, хто прыме актыўны ўдзел у акцыях дэстабілізацыі абстаноўкі”, — заявіў Сьцяпан Сухарэнка. Ён нагадаў, што максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкулу — пажыцьцёвае зьняволеньне альбо сьмяротная кара.

Тэма магчымых тэрактаў у дзень выбараў не была вычарпана на прэс-канфэрэнцыі толькі памянёнымі паведамленьнямі. Сьцяпан Сухарэнка абвінаваціў Грузію ў падрыхтоўцы баевікоў для незаконных дзеяньняў на тэрыторыі Беларусі. Старшыня КДБ заявіў, што ёсьць дастаткова доказаў падрыўной дзейнасьці грузінскіх спэцслужбаў, зь якімі супрацоўнічалі й некаторыя грамадзяне Беларусі. Спадар Сухарэнка прадэманстраваў відэаматэрыялы з паказаньнямі двух сьведак. З інфармацыі старшыні КДБ, на відэастужках зафіксаваны менавіта грамадзяне Беларусі, аднак прозьвішчаў іхных ён не назваў. Адзін са сьведак распавёў , як у сакрэтным лягеры баевікоў у Грузіі яго навучылі атручваць ваду ў водаправодзе.

(Сьведка: ) “Каб атруціць насельніцтва, трэба было злавіць пацука й кінуць яго ў вядро з вадой. Хай два тыдні ён там раскладаецца. Тады ўжо — гатовая атрута. Потым застаецца толькі кінуць яе ў сыстэму водазабесьпячэньня”.

З паказаньняў сьведкі, іспыты па авалоданьні гэтымі мэтадамі сталінскіх часоў прымаў у баевікоў адказны супрацоўнік Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі Грузіі. Прагучала й перасьцярога, што ў Беларусі рыхтаваліся чатыры выбухі ў школах.

У відэаматэрыялах, прадэманстраваных КДБ, меліся й здымкі сустрэчы лідэра АГП Анатоля Лябедзькі з чалавекам, якога назвалі дарадцам грузінскага прэзыдэнта Міхаіла Саакашвілі — спадаром Бакерыя. З камэнтару дыктара з КДБ вынікае, што якраз у гэты момант абмяркоўваліся пляны захопу ўлады ў Беларусі з выкарыстаньнем замежных інструкцый і грошай. Аднак ніводнага слова Анатоля Лябедзькі ці ягонага субяседніка не чуваць.

Сьцяпан Сухарэнка заявіў, што ў КДБ заведзена справа аб падрыхтоўцы да тэрактаў у Беларусі з удзелам грамадзян Грузіі, і ў межах гэтай справы вывучаецца ўдзел Анатоля Лябедзькі. “Да яго могуць вылучыць абвінавачваньне”, — заявіў Сьцяпан Сухарэнка.

Міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў давёў журналістам, што ў міліцыю — дзеля падмацаваньня гатовасьці ў сувязі з выбарамі — не прызывалі былых супрацоўнікаў, у тым ліку, — супрацоўнікаў турмаў і калёніяў. Нічога невядома спадару Навумаву й пра тое, што, быццам, пад Менскам падрыхтаваны два канцлягеры для затрыманых. “Хай журналісты мне пакажуць гэтыя канцлягеры”, — пераадрасаваў пытаньне міністар. Затое выступоўца прызнаў, што напярэдадні выбараў усё-ткі зроблена пэўная “перадысьлякацыя сіл” міліцыі.

Генэральны пракурор Беларусі Пётар Міклашэвіч патлумачыў забарону масавых мерапрыемстваў у часе выбарчай кампаніі й 19 сакавіка страхам перад паўтарэньнем трагедыі побач са станцыяй мэтро “Няміга” ў 1999 годзе.

(Міклашэвіч: ) “Хачу нагадаць, што тады было мірнае мерапрыемства, у якім загінула каля 80 чалавек. Таму сёньня закон больш жорсткі…”

(Журналісты ўдакладняюць: ) “54 ці 56?”

(Міклашэвіч: ) “Значыць, сьпісы тут удакладнім”.

Напрыканцы Пётар Міклашэвіч яшчэ раз заявіў, што ў праваахоўных органаў ёсьць усе падставы спыняць незаконныя дзеяньні яшчэ да правядзеньня несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

XS
SM
MD
LG