Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Акцыя беларускай салідарнасьці перанесеная на 19 сакавіка


Любоў Лунёва, Менск Акцыя салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палівязьняў, якая з кастрычніка праводзілася 16 дня кожнага месяца, перанесеная на 19 сакавіка. Арганізатары кампаніі паведамілі, што месцам правядзеньня акцыі стане Кастрычніцкая плошча ў Менску. Арганізатары разьлічваюць, што гэтым разам тысячы людзей прадэманструюць салідарнасьць ня толькі зь сем’ямі палітвязьняў, але й з кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандрам Мілінкевічам.

Першая акцыя салідарнасьці адбылася 16 кастрычніка. Арганізатары заклікалі грамадзянаў а 8-й гадзіне вечара на 15 хвілін выключыць у кватэрах сьвятло і запаліць у вокнах сьвечкі. Затым акцыі сталі праводзіць і на дварэ. У студзені моладзь каля ГУМу упрыгожвала ялінку джынсавымі стужкамі. У лютым людзі выйшлі на Кастрычніцкую плошчу з партрэтамі зьніклых, палітвязьняў і запалілі сьвечкі. Акцыю разагналі байцы спэцназу міліцыі. Некалькі чалавек зь незарэгістраваных моладзевых арганізацыяў “Малады фронт” і “Зубр” былі тады арыштаваныя.

У сакавіку, з набліжэньнем даты выбараў, рэпрэсіі ўзмацніліся. Толькі ў Менску за кратамі спэцпрымальніка-разьмеркавальніка апынуліся каля трох дзясяткаў чалавек. Сярод іх грамадзяне Ўкраіны, якіх затрымалі пасьля сустрэчы выбарнікаў з Аляксандрам Мілінкевічам каля Лядовага палацу на вуліцы Прытыцкага.

Сярод арыштаваных на працягу апошняга тыдня лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Мілінкевіча.

У рэгіёнах працягваюцца масавыя затрыманьні і арышты актывістаў штабоў кандыдатаў у прэзыдэнты Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча, а таксама патэнцыйных удзельнікаў вулічных акцыяў. Колькасьць палітвязьняў, якія трапілі ў ізалятары часовага ўтрыманьня, перавышае паўсотню чалавек. Амаль усіх міліцыянты абвінавацілі ў дробным хуліганстве, а судзьдзі пакаралі арыштамі ад 7 да 15 сутак.

Адна з арганізатараў акцыі салідарнасьці Ірына Халіп спадзяецца, што людзі 19 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы выкажуць сваё стаўленьне і да гэтых працэсаў.

(Халіп:) “Мы зможам выказаць уласную салідарнасьць ня толькі са зьніклымі і палітвязьнямі, колькасьць якіх становіцца ўсё большай і большай з кожным днём, але і, спадзяюся, з новым прэзыдэнтам Беларусі і прадэманстраваць сваю пазыцыю што да будучыні Беларусі”.

Нягледзячы на тое, што моладзь выключаюць з вучобы і арыштоўваюць за распаўсюджваньне інфармацыйных матэрыялаў, колькасьць ахвотных удзельнічаць у кампаніі з кожным днём павялічваецца.
XS
SM
MD
LG