Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю пройдзе ў Бэрліне


Радыё Свабода Акцыя пачнецца ў Трэптаў-парку каля будынку беларускага пасольства а палове шостай вечара.

Ініцыятары гэтай акцыі – грамадзкая ініцыятыва “За Беларусь” сумесна з фондам імя Робэрта Шумана і культурніцкім аб’яднаньнем “Культурактыў” – хочуць зьвярнуць увагу бэрлінцаў на сытуацыю ў Беларусі.

Паводле арганізатараў, людзі з запаленымі сьвечкамі, якія сёньня зьбяруцца ля беларускай амбасады ў Бэрліне, маюць намер прадэманстраваць сваю падтрымку тым незалежным беларускім СМІ, апазыцыйным журналістам, апазыцыйным палітыкам, грамадзкім і моладзевым лідэрам, якіх перасьледуе беларускі рэжым. Удзельнікі акцыі запатрабуюць ад беларускіх уладаў забясьпечыць правядзеньня свабодных і празрыстых выбараў 19 сакавіка, спыніць рэпрэсіі супраць сваіх апанэнтаў, дзейнічаць у адпаведнасьці зь літарай Парыскай хартыі, пад якой свайго часу падпісалася Беларусь.

Пра сваю падтрымку дэмакратычным працэсам у Беларусі заявілі ўчора прадстаўнікі фракцыі вольных дэмакратаў у нямецкім парлямэнце. Дэпутат Бундэстагу Гаральд Лайбрэхт настойвае на тым, каб фэдэральны ўрад разам са сваімі партнэрамі з Эўразьвязу запатрабавалі ад Менску правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у адпаведнасьці з дэмакратычнымі стандартамі. Паводле словаў нямецкага палітыка, Лукашэнка спрабуе прадухіліць карэктныя і свабодныя выбары ў краіне. Гэтым можна й растлумачыць адмову Менску выдаць візы дэпутатам Эўрапейскага парлямэнту. Аднак, як лічыць Гаральд Лайбрэхт, Лукашэнку ня ўдасца стаць пажыцьцёвым гаспадаром краіны. “Імкненьня грамадзянаў да волі ня ўдасца спыніць, нягледзячы на ўсе спробы рэжыму адлучыць людзей ад свабоды”, – гаворыць дэпутат Бундэстагу Гаральд Лайбрэхт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG