Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча: масавая акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ў Польшчы больш як у 20 гарадох пройдуць мітынгі, дэманстрацыі, пікеты салідарнасьці зь Беларусьсю – гэта будзе найбольш масавая акцыя з усіх, што адбываліся раней. Заплянаваныя таксама пікеты і ў заходнеэўрапейскіх краінах.

З кожным разам да акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю ў Польшчы далучаюцца ўсё новыя гарады – за прыкладам Варшавы, Познані, Кракава і Любліна вырашылі пайсьці й жыхары зусім невялікіх мястэчкаў.

У падрыхтаванай напярэдадні сумеснай заяве арганізатараў акцыі – “Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі” і ініцыятывы “Вольная Беларусь” – гаворыцца, што палякі, якія адваявалі сваю свабоду, “прагнуць выказаць падтрымку дэмакратычным пераменам у Беларусі і салідарнасьць зь беларускім народам у вырашальны для яго гістарычны момант”.

Пра адметныя рысы сёньняшняй акцыі салідарнасьці ў Варшаве расказвае намесьнік старшыні “Зьвязу на карысьць дэмакратыі ў Беларусі” Віталь Лоцманаў:

(Лоцманаў: ) “Удзельнікі маніфэстацыі стануць у жывы ланцуг уздоўж варшаўскай алеі “Салідарнасьці”, якая мае сымбалічнае значэньне для жыхароў польскай сталіцы. Спадзяемся, што да нас далучацца таксама шмат мінакоў. У часе мітынгу выступяць дэпутаты польскага парлямэнту – мы разьлічваем на словы падтрымкі ад польскіх палітыкаў”.

Акцыя ў Варшаве пачнецца а 17 гадзіне паводле мясцовага часу на Банкаўскай плошчы насупраць гарадзкой ратушы.

Між тым у некаторых заходнеэўрапейскіх краінах, прыкладам у Бэльгіі (Брусэль, пляц Шумана) і Францыі (Парыж, пляцоўка каля беларускай амбасады), акцыі салідарнасьці вырашана правесьці ў дзень выбараў – 19 сакавіка.

А ў Стакгольме мітынг адбудзецца сёньня – на ім мае выступіць міністар замежных справаў Швэцыі Лайла Фрэйвалдз.

Пра тое, у якіх месцах і калі ў Польшчы адбудуцца акцыі салідарнасьці зь Беларусьсю, можна даведацца на інтэрнэт-старонцы www.wolnabialorus.org.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG