Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры дні да выбараў: пляны кандыдатаў у прэзыдэнты


Радыё Свабода Тры дні застаюцца да выбараў прэзыдэнта Беларусі.

Штаб кандыдата Сяргея Гайдукевіча мае намер працягваць распаўсюджваньне агітацыйнай прадукцыі, перш за ўсё ў Менску і Менскай вобласьці.

Кандыдат Аляксандар Казулін плянуе сёньня сустрэцца з выбарнікамі ў менскім кінатэатры “Дружба”. Чальцы выбарчага штабу й давераныя асобы Казуліна працягнуць да канца тыдня працу ўва ўсіх рэгіёнах краіны – гэта будуць сустрэчы, раздача лістовак ды іншыя спосабы агітацыі, прадугледжаныя заканадаўствам. Таксама ў Казуліна заплянаваны шэраг сустрэч зь міжнароднымі назіральнікамі, якія прыбылі ў Менск.

Давераныя асобы і чальцы штабу Аляксандра Лукашэнкі таксама будуць у апошнія дні перадвыбарчай кампаніі працаваць у рэгіёнах. У прыватнасьці, сёньня кіраўнік Лукашэнкавага выбарчага штабу Віктар Шэйман едзе ў Віцебск.

Аляксандар Мілінкевіч едзе сёньня ў Барысаў. Ягоная каманда працягне працу ў рэгіёнах. Мяркуецца таксама, што Аляксандар Мілінкевіч разам з Аляксандрам Казуліным правядуць заўтра сустрэчу з выбарнікамі каля кінатэатру “Электрон” у Менску. У суботу а 17-й гадзіне на менскай плошчы Бангалор адбудзецца санкцыянаваны гарадзкімі ўладамі канцэрт “За свабоду!”. На ім Аляксандар Мілінкевіч сустрэнецца з выбарнікамі.
XS
SM
MD
LG