Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд друку: пра што пішуць ненадрукаваная і арыштаваная газэты


Падрыхтавала Іна Студзінская Тэмы газэт найнавейшых нумароў “БДГ. Деловая газета” і “Народнай Волі” – выданьняў, якія да беларускага чытача пакуль што не дайшлі.

Смаленскі паліграфічны камбінат адмовіўся друкаваць чарговы нумар “БДГ. Деловая газета”, матывуючы гэта тым, што напярэдадні прадпрыемства выконвала вялікі заказ і выкарыстала ўвесь запас паперы.

Тэма нумару ненадрукаванай яшчэ газэты – “Тэорыя змовы”. Спэцслужбы ставяць рэкорды ў лоўлі змоўнікаў. Да 1994 году са змовамі беларусы былі знаёмыя толькі з падручнікаў гісторыі і мастацкай літаратуры. І вось настаў час чорных хмараў... Змовы перасьледуюць кіраўніка дзяржавы яшчэ з пары, калі ён быў кандыдатам у прэзыдэнты (страляніна пад Лёзнам). Апошняя змова, якая з помпай была раскрытая КДБ, павінна ажыцьцявіцца адразу ж пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў. Старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка апавёў пра быццам бы сцэнар апазыцыі: мітынг у цэнтры Менску, выбуховыя прыстасаваньні, захоп будынкаў органаў улады, вакзалаў...

Журналісты “БДГ” робяць экскурс у гісторыю: згадваюць падпал рэйхстагу, лекараў-атрутнікаў, каляровыя рэвалюцыі.

“БДГ. Деловая газета” зьмяшчае палітычны партрэт Аляксандра Лукашэнкі “Элегантны”. “Контуры трэцяга тэрміну” – прагноз “БДГ”: што будзе пасьля 19 сакавіка?

Аказваецца, ня толькі тутэйшыя “Сябры” выдалі гіт сэзону “Слушай бацьку”, а нават Беларускі дзяржаўны цырк падрыхтаваў прэм’еру: мэксыканскі экстрым, конныя скачкі, малпы, сабачкі, лісы, клоўны – і ўсё гэта, натуральна, “За Беларусь!”

Два наклады газэты “Народная Воля” застаюцца пад арыштам у будынку абласной управы міліцыі Віцебску. Рэдактар Іосіф Сярэдзіч зьвяртаўся ў Генэральную пракуратуру, МУС, патрабуючы вярнуць газэту. У прыватнай гутарцы спадару Сярэдзічу паведамілі, што вяртаць газэту да выбараў улады не зьбіраюцца.

“Кіраваць краінай трэба па-новаму!” і “Мы маем права жыць лепш” – газэта публікуе поўныя тэксты выступаў кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна на Беларускім радыё і тэлебачаньні (выступы былі значна скарочаныя). Вось яшчэ некалькі загалоўкаў арыштаванай “Народнай Волі”: “Запозьненая праўда, альбо пра тое, як характар перамагае палітычны міт” – грунтоўны аналіз падзеяў 2 – 3 сакавіка; “Страляніну ў цэнтры Менску адкрыў камандзір “Алмазу” Мікалай Карпянкоў”; “Некаторыя выкарыстоўваюць бюлетэні як сувэнір”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG