Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоля Лябедзьку затрымалі і будуць судзіць


Любоў Лунёва, Менск Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ноч правядзе ў спэцпрымальніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Яго спынілі супрацоўнікі міліцыі на вуліцы каля будынку, дзе месьціцца офіс партыі. У аўтамабілі апазыцыянэра зрабілі ператрус і знайшлі некалькі экзэмпляраў газэты ”Глоток воздуха”.

Анатоля Лябедзьку адвезьлі ва ўпраўленьне ўнутраных справаў Савецкага раёну Менску. Там на яго склалі пратакол паводле трох артыкулаў Адміністрацыйнага кодэксу. Лябедзьку абвінавацілі ў дробным хуліганстве, у парушэньні правілаў паркаваньня аўтамабіля і парушэньнях пры распаўсюджваньні друкаванай прадукцыі. Напрыканцы працоўнага дня лідэра АГП адвезьлі ў суд Савецкага раёну. Пакуль супрацоўнікі міліцыі хадзілі па калідорах суду, шукаючы судзьдзю, які б пагадзіўся разгледзіць адміністрацыйны пратакол, Анатоль Лябедзька знаходзіўся ў міліцэйскай машыне каля будынку. Потым яго адвезьлі ў РУУС, дзе апазыцыянэр меў размову з кіраўніком міліцыі.

Анатоль Лябедзька лічыць, што масавыя арышты апазыцыянэраў ёсьць сьведчаньнем таго, што дзейныя ўлады трацяць кантроль над сытуацыяй.

(Лябедзька:) “ Ну, страшна… Страшна… Я ўчора са Смалявічаў прыехаў. Там была поўная заля. Выйшлі там двое прыхільнікаў Лукашэнкі, дык быў і сьвіст, і гоман. А трэба ж зрабіць ім 78%. Адкуль яны возьмуць гэтыя 78%? Шалёна баяцца 19 сакавіка. Паніка. Яны так страшылі людзей, што самі не заўважылі, як гэтым страхам заразіліся”.

Паплечнікі Анатоля Лябедзькі чакалі яго на ганку будынку міліцыі. Ім паведамілі, што судзіць апазыцыянэра будуць заўтра, 16 сакавіка. Назіральнікі ўпэўненыя, што лідэра апазыцыйнай партыі чакае арышт. Лідэр партыі БНФ Вінцук Вячорка трапіў за краты на мінулым тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG