Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч: “Выбары ператвараюцца ў фарс”


Валер Каліноўскі, Менск Аляксандар Мілінкевіч у сераду на сустрэчы з выбарцамі ў Палацы культуры БелАЗу ў Жодзіне заявіў, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ператвараюцца ў фарс, што затрыманыя дзясяткі прадстаўнікоў ягонага перадвыбарчага штабу і што цяпер ідзе паляваньне на кіраўніка штабу Сяргея Калякіна. Мілінкевіч таксама паведаміў, што найбліжэйшым часам ён прыме супольную заяву што да выбараў зь іншым кандыдатам Аляксандрам Казуліным. Тым ня меней Мілінкевіч перакананы ў перамозе дэмакратыі.

(Мілінкевіч: ) “Адразу скажу: паразы ў нас ня будзе. Таму што ў сёньняшняга рэжыму ёсьць толькі адзін аргумэнт: кулак, сіла, гвалт. Такімі мэтадамі краіны не збудуеш”.

Аляксандар Мілінкевіч гэтак адрэагаваў на абвінавачваньні аднаго з выбарцаў, што ён кліча людзей на плошчу фактычна пад кулі.

(Мілінкевіч: ) “Тое, што адбываецца сёньня, яно перапоўніла чашу цярпеньня вялікай колькасьці людзей. Тыя людзі, што кажуць пра гатовасьць выйсьці, сьцьвярджаюць, што ня хочуць быць быдлам, што з намі трэба лічыцца, што мы людзі, што мы хочам закону. Мы выйдзем на плошчу без жаданьня гвалту. Мы ня будзем захопліваць ніякіх устаноў ці тэлебачаньня. Але мы хочам сказаць сваё не – фальсыфікацыям, не – злачынствам, бо сёньня тая атмасфэра, у якой выбары адбываюцца, – гэта дзяржаўнае злачынства. Людзі ўва ўсім сьвеце маюць права абіраць сабе ўладу. І мы даможамся гэтага”.
XS
SM
MD
LG