Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч сустрэўся з кіраўніком місіі назіральнікаў СНД Рушайлам


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня ўвечары ў памяшканьні Выканаўчага сакратарыяту СНД ў Менску кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі правёў сустрэчу з кіраўніком місіі назіральнікаў ад Садружнасьці незалежных дзяржаваў Уладзімерам Рушайлам, які раней выказваў станоўчую ацэнку дзеяньням беларускіх праваахоўных органаў па забесьпячэньні парадку пад час выбарчай кампаніі.

Сустрэча прайшла па просьбе Аляксандра Мілінкевіча і доўжылася каля гадзіны. Акрамя Уладзіміра Рушайлы, на ёй прысутнічалі чатыры назіральніка ад СНД, разам з Аляксандрам Мілінкевічам былі кіраўнік юрыдычнай службы ягонага штабу Уладзімер Лабковіч і прэсавы сакратар Павал Мажэйка. Апошні паведаміў Свабодзе, што асноўны зьмест звароту спадара Мілінкевіча да місіі назіральнікаў СНД палягаў у ацэнцы рэпрэсіўных дзеяньняў уладаў адносна актывістаў ягонай каманды, хвалі затрыманьняў і арыштаў паводле надуманых матываў, парушэньняў Выбарчага кодэксу і нежаданьні ЦВК і іншых дзяржаўных органаў на іх рэагаваць.

Уладзімер Лабковіч перадаў назіральнікам ад СНД пакет дакумэнтаў з канкрэтнымі прыкладамі парушэньняў заканадаўства. Акрамя таго спадар Мілінкевіч запэўніў назіральнікаў ад СНД, што 19 сакавіка людзі выйдуць на плошчы з выключна з мірным пратэстам і папярэдзіў пра падрыхтоўку ўладамі правакацыяў:

(Мажэйка: ) “Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуўся да Рушайлы з просьбай у пэўным сэнсе быць пасярэднікам паміж ім і існуючай уладай, каб тая не выкарыстоўвала супраць людзей рэпрэсій, не ўжывала сілу”.

Паводле спадара Мажэйкі, пэўнай рэакцыі спадара Рушайлы на гэтую прапанову не было. Рушайла зазначыў, што меў сёньня сустрэчы з генэральным пракурорам і міністрам унутраных справаў Беларусі, і сказаў, што тыя не выказалі нейкай трывогі адносна сытуацыі ў краіне. Спадар Рушайла зазначыў, што і ён асабіста не адчувае нейкай напружанасьці ў Беларусі і не бачыць падставаў сур’ёзна абмяркоўваць інфармацыю наконт магчымага сілавога разгону дэманстрацыяў і магчымых рэпрэсіяў.

Кіраўнік юрыдычнай службы штабу Мілінкевіча Удадзімер Лабковіч мяркуе, тым не меней, што сустрэча была карыснай, ён спадзяецца, што быў пачуты назіральнікамі ад СНД.

(Лабковіч: ) “У любым выпадку, я думаю, што гэта карысная была размова, пры ўсім маім крытычным стаўленьні да дадзенай місіі я лічу, што безумоўна зь імі трэба працаваць, супрацоўнічаць хаця б для таго, каб прадстаўнікі гэтай місіі валодалі поўным аб’ёмам інфармацыі”.

У канцы сустрэчы з Рушайлам Аляксандр Мілінкевіч выказаў спадзяваньне, што выніковая справаздача місіі назіральнікаў ад СНД будзе аб’ектыўнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG