Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг Суздальцаў адхіляе аўтарства скандальнага артыкулу


Уладзімер Глод, Менск Сёньня за подпісам палітоляга Андрэя Суздальцава на розныя адрасы электроннай поштай накіраваны артыкул "Мосты сожжены-2". У гэтым матэрыяле абразьліва гаворыцца пра сустаршыню грамадзкай ініцыятывы "Мы памятаем!" Ірыну Красоўскую і генэрала Валерыя Паўлава.

Андрэй Суздальцаў, які знаходзіцца за межамі Беларусі, у тэлефоннай размове цьвердзіць, што ўзгаданы артыкул ён не пісаў. Але ў Інтэрнэт артыкул накіраваны з асабістай электроннай скрыні палітоляга:

(Суздальцаў:) "Гэта не мой тэкст, не мой стыль. Ён накіраваны як рассылкай. Маю скрыню ўзламалі і адаслалі зь яе".

На думку спадара Суздальцава, матэрыял невыпадкова называецца "Мосты сожжены-2":

(Суздальцаў:) "28-га лютага я надрукаваў у Інтэрнэце артыкул "Задание на весну", які 1-га сакавіка перадрукавала "Народная воля" пад назовам "Мосты сожжены".

Сёньня ж, як паведаміў Андрэй Суздальцаў, ягоная давераная асоба аднесла адпаведную заяву ў рэспубліканскую пракуратуру:

(Суздальцаў:) "Я заяўляю: артыкул гэта -- не мой, аўтарства мне прыпісанае. Я не ўдзельнічаў у напісаньні артыкула і падрыхтоўкі матэрыялаў. Другое -- у артыкуле закранутыя гонар і годнасьць людзей, якіх я альбо ведаю вельмі мала, альбо не ведаю зусім, што парушае мае правы. І трэцяе: я патрабую абараніць мае гонар і годнасьць і абараніць мяне ад гэтага".

У Пракуратуры Беларусі пацьвердзілі, што заяву Андрэя Суздальцава тут атрымалі.

На пытаньне, якія могуць быць наступствы гэтай акцыі, палітоляг Суздальцаў заявіў:

(Суздальцаў:) "Я думаю, што заўтра гэтая дрэнь можа зьявіцца ў адной з дзяржаўных газэт".
XS
SM
MD
LG