Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“19 сакавіка Мілінкевіча ў лепшым выпадку паб’юць, у горшым — арыштуюць”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Уся пошта, якую мы атрымліваем гэтымі днямі — на тэму прэзыдэнцкіх выбараў. Галасаваньне ў Беларусі ўжо ідзе. Як і ў папярэднія выбарчыя кампаніі, многіх людзей прымушаюць галасаваць датэрмінова. Штодня з розных рэгіёнаў паступаюць паведамленьні пра затрыманьні, суды і арышты дэмакратычных актывістаў. Многія нашы слухачы лічаць, што вынікі выбарчай кампаніі ў такіх умовах прадвызначаныя. Сёньняшнюю размову пачну зь ліста на гэтую тэму ад Віктара Лісоўскага зь Менску. Слухач піша:

“2 сакавіка быў на сустрэчы выбарцаў зь Мілінкевічам. Абставіны яе вы добра ведаеце. Усё гэта паказала бездапаможнасьць апазыцыі — не змаглі нават дамагчыся свабоднага доступу да Палацу спорту. Я думаю, што падобны сцэнар чакае і 19 сакавіка. Кастрычніцкая плошча будзе ачэплена АМОНам, і туды нікога ня пусьцяць. Мілінкевіча ў лепшым выпадку паб’юць, у горшым — арыштуюць і пасадзяць (судовая сыстэма ў кішэні).

Калі аднаго кандыдата зьбіваюць, як простага бомжа, а другому не даюць сустрэцца з выбарцамі ў сталіцы, дык яны павінны зьняцца з выбараў, запатрабаваць у АБСЭ адклікаць назіральнікаў і абвясьціць выбары несапраўднымі. Ніхто такіх выбараў не прызнае, нават Пуцін. Няхай тады Лукашэнка змагаецца з Гайдукевічам. Апазыцыя павінна дамагацца правядзеньня свабодных выбараў без Лукашэнкі”.

Правядзеньня свабодных выбараў без удзелу Аляксандра Лукашэнкі апазыцыя даўно дамагаецца, спадар Лісоўскі: адпаведных заяваў і патрабаваньняў было нямала і ў апошні час, і раней, калі ў Беларусі праводзіўся канстытуцыйны рэфэрэндум. Але якія ў апазыцыі ёсьць рэальныя магчымасьці прымусіць уладу выканаць гэтае патрабаваньне? І што здарыцца, калі дэмакратычныя кандыдаты ў апошні момант адмовяцца ад удзелу ў выбарах? Галасаваньне адбудзецца бязь іх: у бюлетэні застануцца два ўсім вядомыя прозьвішчы. Тое, што такіх выбараў не прызнае Захад — дык да гэтага беларускія ўлады даўно прызвычаіліся. Што да Масквы, то вельмі няшмат спадзяваньняў на тое, што яна раптам зьменіць сваё стаўленьне да беларускага рэжыму.

Ліст ад Мікалая Шумілы з Кобрыні:

“Вось па тэлевізары ўсё хваляцца, якая гаспадарлівая ў нас улада. А я ў сваім Кобрыні гэта неяк ня надта заўважаю. Быў у нас ваенны гарадок — засталіся рожкі ды ножкі. Цагляны завод увогуле цалкам разбурылі, там цяпер быльнёг па пояс. Дзе канюшня, што была пры калгасе? Дзе цялятнік на сто галоваў? Дзе сьвінарнік? Праўда, за мінулыя дванаццаць гадоў сёе-тое ў нас і зьявілася. Пабудавалі суд на ўсю акругу. Адрамантавалі музэй Суворава. Наладзілі ходнікі ды пафарбавалі фасады эмульсіёнкай. Кнігарню перарабілі на прадуктовую краму. Ну, і яшчэ сёе-тое з дробязяў.

Але што сталася за гэты час з нашай мовай і культурай? Беларускую гаворку, такую мілую для душы, мяккую, канчаткова выкаранілі, адабралі ад дзяцей і ўнукаў. Часам думаю — чаму так адбылося? Можа, праз тое, што ў Беларусі жыве шмат расейцаў? А яны ж, напэўна, хочуць, каб іхная мова была тут галоўная?”

Этнічных расейцаў у Беларусі, спадар Шуміла, 13 працэнтаў. Пры гэтым многія зь іх прыхільна ставяцца да мовы і культуры беларусаў. І ахвотна вучылі б беларускую мову і карысталіся ёй, калі б большасьць саміх беларусаў размаўляла на мове сваіх продкаў. Ня ў нейкіх вонкавых сілах ды ворагах прычына заняпаду беларускай мовы — а ў саміх беларускіх грамадзтве і дзяржаве.

Вобразна апісвае ў сваім лісьце цяперашнюю палітычную сытуацыю ў Беларусі наш слухач Пётар Кароўкін зь вёскі Цяплухі Асіповіцкага раёну:

“У сваім двары я часта назіраю за жыцьцём птушак. Куры, гусі, вераб’і, ластаўкі — усе мірна суіснуюць і шчабечуць свае песьні. Але вось набліжаецца каршун — і ўсе хаваюцца хто куды. Вераб’і — пад шыфэр; куры — у хлеў ці ў кусты, гусі заміраюць на месцы. І толькі некалькі ластавак распачынаюць бойку з драпежнікам, імкнучыся вышчыкнуць зь яго пер’е. І, як ні дзіўна, яны перамагаюць: ён урэшце вымушаны адляцець. Пасьля гэтага ўсё сьціхае, і ўсе птушкі паволі вылазяць са сваіх схованак. Апошнімі хвілінаў праз дваццаць выпаўзаюць з-пад шыфэру вераб’і. Бадзёра чырыкаюць, нібы пераможцы — гэта яны.

Нешта падобнае адбываецца ў нас перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Мы, беларусы, — як тыя вераб’і. Між сабой шэптам скардзімся, стогнем, наракаем. Але адкрыта падняцца на барацьбу — не. Мы лепш пад шыфэрам перасядзім. Сумна ўсё гэта. Моладзь не працуе. Штодня п’юць, крадуць, перапрадаюць — і зноў п’юць. Жывуць паводле прынцыпу “П’ю і сплю”.

Такія абагульненьні, спадар Кароўкін, усё ж ня надта справядлівыя. Напярэдадні выбараў сотні палітычна актыўных хлопцаў і дзяўчат, якія ў розных рэгіёнах Беларусі дапамагалі дэмакратычным кандыдатам, прайшлі праз суды, затрыманьні і арышты. Яны зусім не падобныя на палахлівых вераб’ёў, якіх вы назіраеце ў сваім двары. Моладзь — розная, як розныя і людзі сталага веку. І нават сярод тых, хто сёньня хаваецца ў застрэшку, далёка не ва ўсіх кола інтарэсаў абмяжоўваецца выпіўкай ці бязмэтным баўленьнем часу.

Ліст ад Віктара Окуня зь вёскі Ула Бешанковіцкага раёну. Ён піша:

“Я думаю, што гэтыя выбары мы прайгралі. Наша грамадзтва, мне здаецца, яшчэ не гатова адстойваць свае інтарэсы так, як гэта рабілі год таму ўкраінцы на Майдане ў Кіеве. Наш народ да такога яшчэ не дасьпеў — ня тая сьвядомасьць. У многім у гэтым вінавата сама апазыцыя. Яна марудлівая, не даводзіць да канца ніводнай справы. Узяць хоць бы мінулыя парлямэнцкія выбары. Ад дэмакратычных сілаў тады балятавалася нямала людзей. Але ніводзін зь іх не прайшоў. Хаця, здавалася б, многія галасавалі за дэмакратаў, і яны павінны былі трапіць у Палату прадстаўнікоў. Многім людзям незразумела, чаму так усё адбываецца”.

Апошнія парлямэнцкія выбары ў Беларусі, спадар Окунь, адбываліся прыблізна ў такіх жа ўмовах, што і цяперашнія прэзыдэнцкія. Апазыцыйных актывістаў не ўключалі ў склад выбарчых камісіяў; дэмакратычныя кандыдаты былі пазбаўленыя доступу да большасьці мэдыяў; людзей у масавым парадку прымушалі галасаваць датэрмінова; на ўчастках не было паўнавартаснага незалежнага назіраньня… Дэмакратычны сьвет не прызнаў тых выбараў за свабодныя і справядлівыя. І адказ на пытаньне “чаму ніхто з апазыцыі ня трапіў у Палату прадстаўнікоў” — даволі відавочны.

На заканчэньне — ліст ад прыхільніка Аляксандра Лукашэнкі. Вось што піша нам Васіль Дрышчанка з Чэрвеню:

“Ведаю загадзя, што гэты ліст вы ў эфіры не агучыце, але хачу каб дазналіся, што думае пра вас большасьць цьвярозых людзей. Няўжо вы ніколі не задумваліся пра тое, што Лукашэнка — гэта мы, беларускі народ? Ён не дае красьці іншым і сам — сумленны чалавек, якога мы любім за яго добрасумленную працу на карысьць дзяржавы і свайго народу. Вы са сваёй жменькай гарлахватаў хочаце захапіць уладу і кіраваць дзяржавай? Але пакажыце на канкрэтнай справе, што вы ўмееце, акрамя як глоткі рваць, наеўшыся нашага хлеба, здабытага цяжкай працай. Лукашэнка гэта ўсё прайшоў, і выйшаў паважаным калгасьнікамі чалавекам. Няхай гэтыя гарлахваты вядуць сваю апазыцыю ў калгасы і пакажуць, на што яны здольныя. Але ж не — баяцца вылезьці зь Менску. Ножкі запэцкаюць, і працаваць трэба — а яны на гэта ня здольныя. Лукашэнка — не баязьлівец, але ня хоча весьці размову з гарлахватамі і ворагамі свайго народу. Лазяць за мяжу, скардзяцца на сваіх людзей. Адшчапенцы!”

Ня ведаю, спадар Дрышчанка, ці памятаеце вы час, калі любога, хто хоць калі-небудзь пабываў за мяжой, абвяшчалі варожым шпіёнам, а за анэкдот пра Сталіна маглі расстраляць. Думаю, што памятаеце: лексыка ў вашым лісьце тая ж, якую выкарыстоўвалі ў 1930-я, 1940-я, 1950-я гады: “ворагі народу”, “адшчапенцы”… Але няўжо вы ніколі не задумваліся: чаму ў тым сталінскім Савецкім Саюзе, дзе ўсю яўную і прыдуманую апазыцыю зьнішчылі і ператварылі ў лягерны пыл, дзе ніхто нават касога позірку ня мог дазволіць сабе ў бок правадыра — абяцаны зямны рай у выглядзе камунізму так і не настаў? Мільёны людзей, якіх прымушалі славіць правадыра і дыктатарскі рэжым, жылі ў галечы, галадалі, баяліся ўласнага ценю, былі пазбаўлены элемэнтарных правоў — на выезд за мяжу, на веравызнаньне, на свабоду сходаў.

І гэта, спадар Дрышчанка, уласьцівасьць любога дыктатарскага і аўтарытарнага рэжыму: спачатку ўладалюбівы правадыр зьнішчае апазыцыю, апраўдваючыся тым, што яна замінае яму весьці народ да шчасьця, а потым аказваецца што зьнікае ня толькі апазыцыя — разам зь ёй зьнікаюць і свабода, і чалавечая годнасьць, і дабрабыт, а ў многіх — і кавалак хлеба са стала.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG