Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанцы ўвялі новую сыстэмы для імігрантаў


Ганна Соусь, Прага Перад краінамі Эўразьваязу паўстала дылема, зьвязаная з іміграцыяй. З аднаго боку яны ня хочуць прымаць нізкакваліфікаваных спэцыялістаў, якія перасякаюць мяжу ў надзеі атрымаць працу – законным альбо незаконным чынам. З другога боку ў краінах Эўразьвязу цяпер нізкая нараджальнасць, і ім патрэбныя ня толькі кваліфікаваныя, але і некваліфікаваныя работнікі. Адным з магчымых рашэньняў гэтай дылемы можа стаць брытанская сыстэма ацэнкі патэнцыйных імігрантаў у адпаведнасьці зь іхняй кваліфікацыяй і ўзроўнем адукацыі.

У адпаведнасьці з новай брытанскай сыстэмай прэтэндэнты на атрыманьне візаў дзеляцца на пяць групаў. У першай групе – спэцыялісты высокай кваліфікацыі, такія як дактары мэдыцыны, навукоўцы ды іншыя прафэсіяналы вышэйшага ўзроўню, якія атрымліваюць пэўную колькасьць балаў за іх унівэрсытэцкія дыплёмы, навуковыя ды іншыя ступені кваліфікацыі. Балы налічаюцца і ў адпаведнасьці з памерам іхнага заробку ў сваёй краіне. Спэцыялісты, якія трапляюць у першую групу, могуць прыехаць у Вялікую Брытанію разам з сем’ямі і праз два гады зьвярнуцца па сталае месца жыхарства.

У другой групе – кваліфікаваныя прафэсіяналы, такія як, напрыклад мэдычныя сёстры. Яны таксама могуць прыяжджаць разам зь сем’ямі, але толькі празь пяць гадоў прасіць сталага месца жыхарства.

Наступная група ўключае нізкакваліфікаваных работнікаў для пэўных сфэраў, напрыклад, для сельскай гаспадаркі. Яны могуць прыяжджаць у Вялікую Брытанію толькі тады, калі ў іх ёсьць патрэба, і ня могуць прэтэндаваць на сталае месца жыхарства, а таксама павінны мець квіткі туды і назад.

Далей ідуць студэнты, якія таксама ня маюць права на сталае жыхарства. І ў пятай групе – часовыя работнікі, такія як, напрыклад, музыкі ці памочнікі ў гаспадарцы, якія маюць права заставацца ў Вялікай Брытаніі толькі на час іхняга кантракту – максымум да двух гадоў.

Назіральнікі і спэцыялісты ў сфэры міграцыі вітаюць брытанскую сыстэму за яе прастату і зразумеласьць ня толькі для імігрантаў, але і для брытанцаў.

Гаворыць Ян дэ Вільдэ зь Міжнароднай арганізацыі міграцыі:

(Вільдэ) “Сыстэма балаў – найбольш эфэктыўны шлях кіраваньня міграцыяй у адпаведнасьці з попытам і прапановай. Яна больш дакладная ў параўнаньні са старой сыстэмай, якія была занадта складаная і грувасткая – і для мігрантаў і для ўраду”.

Ці можа брытанская сыстэма стаць мадэльлю для адаптацыі ва ўсіх краінах Эўразьвязу ў будучым?

Пакуль рэакцыя на гэтую прапанову ў Эўразьвязе падаецца спрыяльнай. Былы намесьнік міністра ўнутраных справаў Чэхіі Віктар Добал мяркуе, што брытанская сыстэма дае дакладныя і зразумелыя правілы, якія б маглі прыняць і іншыя краіны, паколькі цяпер міграцыйным сыстэмам розных краінаў Эўразьвязу бракуе адзінства і дакладнасьці.

Віктар Добал настойвае на абавязковым выключэньні з правілаў, што тычыцца тых, хто зьвяртаецца па палітычны прытулак для абароны ад рэпрэсіўных дыктатарскіх рэжымаў.
XS
SM
MD
LG