Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як міліцыя і КДБ падрыхтаваліся да выбараў?


Радыё Свабода У міліцыі й КДБ адмаўляюцца камэнтаваць зьвесткі пра тое, што, нібыта, у Менск дадаткова сьцягнута вялікая колькасьць міліцыянтаў і байцоў спэцназу, а супраць апазыцыі 19 сакавіка рыхтуюцца правакацыі, уключна з выбухамі. Між тым, у апазыцыі шмат хто не выключае, што чуткі пра надзвычайныя захады сілавікоў маюць падставы.

У інтэрнэт-рэсурсе belaruspartizan.org, а таксама ў некаторых іншых рэсурсах зьявіліся ананімныя лісты, дасланыя, нібыта, супрацоўнікамі міліцыі й КДБ, якія спачуваюць апазыцыі. Паводле гэтых паведамленьняў, МУС і КДБ рыхтуюць шэраг захадаў, каб супрацьстаяць акцыі апазыцыі, якая прызначана на 19 сакавіка. У ліку названых захадаў, быццам, плянуюцца і вельмі жорсткія, якіх дагэтуль ніколі не скарыстоўвалі.

Ува ўправе сувязяў з грамадзкасьцю КДБ інфармацыю з памянёнага ліста камэнтаваць адмовіліся:

(Надтачаеў: ) “Не, я фальшывак не камэнтую... Так, лічу гэта фальшыўкай”.

Гэтак адказаў мне кіраўнік управы Валер Надтачаеў. У Міністэрстве ўнутраных спраў таксама не камэнтуюць зьвестак пра дадатковае разгортваньне міліцэйскіх сілаў у Менску.

Але ці азначае гэта, што зьвесткі з ананімных лістоў непраўдзівыя?

У сваім лісьце невядомыя супрацоўнікі КДБ таксама папярэджваюць пра спробы перашкодзіць прыезду апазыцыянэраў з правінцыі ў сталіцу 19 сакавіка. Маўляў, будуць наўмысна адменены ці скарочаны рэйсы электрычак і аўтобусаў. У даведцы чыгуначнага вакзалу Баранавіч я спытаў, ці змагу ў нядзелю дабрацца да Менску на электрычцы.

(Супрацоўніца даведкі: ) “Электрычкі ходзяць, квіткі ёсьць. Рэйсы на нядзелю не адменены”.

Тое самае мне пацьвердзілі і ў даведцы аўтавакзалу Оршы:

(Супрацоўніца даведкі: ) “На 4.40 і 7.11 можаце ехаць. На 4.40 квіткі прадаюцца папярэдне”.

Аднак варта нагадаць, што напярэдадні сустрэчы Аляксандра Мілінкевіча з выбарцамі 2 сакавіка ў Менску сапраўды было зафіксавана некалькі выпадкаў, калі міліцыянты спынялі на дарогах аўтамабілі апазыцыянэраў, што выпраўляліся з правінцыі ў сталіцу.

У штабе Мілінкевіча не выключаюць: такое можа адбыцца й 19 сакавіка.

Аўтамабіль рэдактара апазыцыйнай

зьліквідаванай газэты “Навіны” Паўла Жука сёньня затрымалі на вуліцы Менску. У машыне былі перадвыбарчыя ўлёткі. Журналіста даставілі ў Савецкі райаддзел міліцыі, дзе на яго склалі пратакол. Пакуль складаўся пратакол, мне ўдалося злучыцца з Паўлам Жуком па тэлефоне. Сёньняшняе раптоўнае затрыманьне былы рэдактар наўпрост зьвязвае з паляваньнем за ім спэцслужбаў. Павал Жук збольшага верыць у рэальнасьць плянаў надзвычайнага процідзеяньня апазыцыі й падае свой доказ гэтага:

(Жук : ) “Ёсьць сьведчаньні таго, што прызвалі на зборы былых міліцыянтаў, якія працавалі ахоўнікамі ў турмах і ужо выйшлі ў адстаўку, і ўзялі ў іх падпіску пра змоўчваньне факту збору. Некаторыя самі мне пра гэта казалі”.

Сёньня ў Міністэрстве ўнутраных спраў паведамілі пра стварэньне адмысловага штабу рэагаваньня на падзеі падчас выбараў.
XS
SM
MD
LG