Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дасьледаваньне "Свабоды" – Дзень канстытуцыі ў Беларусі


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Беларусі дзяржаўнае сьвята – дзень Канстытуцыі. Вярхоўны Савет прыняў яе 15 сакавіка, 12 гадоў таму. Праца над гэтым дакумэнтам цягнулася больш за тры гады. Які лёс першага дэмакратычнага Асноўнага Закону краіны?

Аднойчы апазыцыйная моладзь у Дзень канстытуцыі прынесла на плошчу ў Менску макеты трох дамавінаў – яны сымбалізавалі хаўтуры па Канстытуцыі ў 1995, 1996 і 2004 гадах.

Так маладзёны ўспрымаюць усе тры рэфэрэндумы, арганізаваныя Аляксандрам Лукашэнкам. Так званае “народнае волевыяўленьне” прывяло да зьменаў у канстытуцыі, якія не прызнала ня толькі апазыцыя, але й значная частка грамадзтва.

На вяртаньні да канстытуцыйнай рэдакцыі ад 15 сакавіка настойваюць і многія прадстаўнікі замежнай палітычнай эліты. Пра тое самае кажуць цяпер кандыдаты на прэзыдэнта. Але, паводле Аляксандра Казуліна, зрабіць гэта будзе цяпер няпроста.

(Казулін: ) “Лепшы быў бы варыянт адразу перайсьці да канстытуцыі 1994 году. Але гэта выкліча хаос і беспарадак у краіне, бо прынятая вялікая колькасьць законаў і падзаконных актаў, нарматыўных дакумэнтаў. І проста іх адмяняць – азначае пагрузіць краіну ў непрацоўны стан. Таму, натуральна, трэба будзе склікаць Канстытуцыйны сход, які ў спакойным рэжыме можа абмеркаваць пытаньні новай канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”.

Пасьля распаду савецкай імпэрыі, незалежнай Беларусі засталася ў спадчыну канстытуцыя 1978 году. Згадвае былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч.

(Шушкевіч: ) “У нас была такая цяжкая савецкая канстытуцыя з 6-м артыкулам. Мы яе доўга правілі. І новую канстытуцыю прымалі толькі таму, што ўжо правіць далей было немагчыма”.

Вядомы юрыст Валеры Фадзееў уваходзіў у рабочую групу канстытуцыйнай камісіі ад ураду.

(Фадзееў: ) “У канстытуцыйнай камісіі і ў рабочай групе працавалі людзі з рознымі палітычнымі поглядамі. Але ў нас была адна мэта – стварыць канстытуцыю незалежнай Беларусі. І мы змаглі дамовіцца. У рэшце рэшт прынялі канстытуцыю, якая адпавядала самым высокім міжнародным стандартам”.

Эфэкт ад савецкіх канстытуцый вядомы: правы і свабоды толькі гарантаваліся...

(Фадзееў: ) “Калі браць савецкія канстытуцыі, то заўсёды гаварылі, што яны дэмакратычныя, у іх замацаваныя правы й свабоды грамадзянаў, і як быццам яны адпавядаюць міжнародным стандартам. На самой справе гэта былі канстытуцыі-дэклярацыі. А мы стваралі канстытуцыю, якую можна было назваць законам прамога дзеяньня, нормы якой ня толькі б адпавядалі міжнародным стандартам, але і якія маглі рэалізоўвацца”.

15 сакавіка 1994 года такую канстытуцыю Беларусі падпісаў старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб.

(Грыб: ) “Гэтая падзея была вельмі ўрачыстая. Я падпісаў першую канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Гэты пісьмовы прыбор, чарнільны, я аддаў у Музэй гісторыі Рэспублікі Беларусь. Калі ў мінулым годзе я быў у гэтым музэі, то няма гэтай ручкі, няма гэтай канстытуцыі... Ня хочуць трымаць! Цяпер жа Лукашэнка сам падпісаў канстытуцыю. Ён лічыць, што ніякага параўнаньня зь ягоным подпісам там не павінна быць. Тым больш такога старога чалавека, як я”.

15 сакавіка згадвае судзьдзя Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч.

(Васілевіч: ) “Гэта дата важная для ўсёй нашай дзяржавы. Былі вызначаны вельмі важныя палажэньні ў канстытуцыі. Гэта прэзыдэнцкая рэспубліка, падзел уладаў, замацавана як дзяржаўная так і прыватная ўласнасьць, дзяржаўнасьць беларускай мовы (хаця я лічыў і тады, што павінна быць разам зь беларускай і расейская мова). Замацавана мясцовае самакіраваньне, многа іншых добрых артыкулаў. Вельмі дабротны такі тэкст”.

Самыя гарачыя дыскусія вяліся адносна таго, якой жа павінна быць Беларусь: прэзыдэнцкай ці парлямэнцкай, як на гэтым настойвала апазыцыя. Пра адзін з прынцыповых момантаў расказвае былы прафсаюзны лідэр краіны Ўладзімер Ганчарык.

(Ганчарык: ) “Калі ішла размова пра ўзрост прэзыдэнта, тады прысутнічаў і дэпутат Лукашэнка. Калі ішло галасаваньне ў Вярхоўным Савеце, кожная асоба галасавала, і я прыйшоў да Кебіча якраз у гэты момант і сказаў тады: “Глядзі, што робіцца: ідзе галасаваньне, вось прагаласуюць, прапусьцяць, тады будзе яшчэ адзін кандыдат у прэзыдэнты”. Ён схапіў трубку, пачаў тэлефанаваць, а яму кажуць, што спазьніліся. Прагаласавалі. Так вось і зьявілася магчымасьць у Аляксандра Рыгоравіча балятавацца ў прэзыдэнты”.

З прапановы дэпутата Дзьмітрыя Булахава былі прынятыя чохам 38 артыкулаў канстытуцыі, якія тычыліся функцый прэзыдэнта. “Прэзыдэнцкая рэспубліка” прасоўвалася намэнклятурай пад прэм’ера Кебіча, а выйшла -- пад Лукашэнку...

(Шушкевіч: ) “Ну а Грыб, скажам шчыра, ня ўсё цяміў. Ён быў шчасьлівым чалавекам, што стаў старшынёй, і ім можна было маніпуляваць, як хочаш. Ён быў слаба дасьведчаным чалавекам у палітыцы. І гэты булахаўскі выкідыш такі накіраваны якраз на захоп улады “маладымі ваўкамі”, ён быў мэтанакіравана ажыцьцёўлены... 38 артыкулаў -- нідзе ў сьвеце ня бачана такое, каб адным галасаваньнем бюлетэня прымалі. У нас такое было...”

Мэтанакіравана зьмянілі канстытуцыю і ў 1996 годзе, на ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі. У выніку балянс уладаў быў парушаны. А з 2004 году наагул абірацца прэзыдэнтам можна пажыцьцёва. Дык што ж засталося ад канстытуцыі 15 сакавіка?

Гаворыць Рыгор Васілевіч.

(Васілевіч: ) “У цэлым засталася аснова ад канстытуцыі 15 сакавіка, і канстытуцыя ўжо стала такім дабротным падмуркам для будаўніцтва самастойнай дзяржавы, для будаўніцтва на цывілізаваных падставах тых адносінаў, якія павінны існаваць паміж дзяржавай і грамадзянінам. Тыя правы і свабоды, якія замацаваны ў канстытуцыі – гэта цывілізаваныя правы і свабоды”.

Станіслаў Шушкевіч пярэчыць:

(Шушкевіч: ) “Там засталіся дэкляратыўныя часткі. І нават пэўныя сур’ёзныя пазыцыі. Напрыклад, імкненьне Беларусі да нэўтральнасьці. Але ж яны не выконваюцца сучаснай уладай. А далей адбыліся зьмены абсалютна недапушчальныя, якія прывялі да таго, што ў нас прэзыдэнт мае большую ўладу, чым парлямэнт, як заканадаўчую так і выканаўчую”.

Уладзімер Ганчарык удакладняе:

(Ганчарык:) “Яна зроблена пад аднаго чалавека. Гэта ўжо рэспубліка стала поўнасьцю прэзыдэнцкай, і прэзыдэнт атрымаў амаль неабмежаваную ўладу. У гэтым сэнсе – гэта недэмакратычная канстытуцыя, хаця ў нас першы пункт дэкляруе, што рэспубліка дэмакратычная”.

Многія палітыкі патрабуюць скасаваць папраўкі, унесеныя ў Асноўны Закон пасьля рэфэрэндуму 1996 году. Гэта ж патрабаваньне гучыць і на апазыцыйных акцыях пратэсту. Вось меркаваньне Мечыслава Грыба:

(Грыб: ) “У гэтай канстытуцыі 96 году таксама працэнтаў дзесьці на 70 -- гэта канстытуцыя ўсё ж 94 году. Але ў нас, як і за савецкім часам, ёсьць дэклярацыя правоў, але правоў фактычна няма. Да канстытуцыі 94 году трэба рана ці позна вяртацца...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG