Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні актывістаў выбарчай кампаніі саджаюць за краты


Сяргей Астраўцоў, Горадня Давераную асобу А.Мілінкевіча Сяргея Мальчыка й Віктара Сазонава — ягонага калегу па штабе кандыдата на прэзыдэнта — пасадзілі на сем сутак (кожнага), нібыта, за дробнае хуліганства. У Ленінскім раённым судзе Горадні пабываў наш карэспандэнт.

Сяргея Мальчыка й Віктара Сазонава ўчора забралі ў пастарунак — быццам разабрацца з улёткамі Мілінкевіча. А потым склалі на іх пратакол. Паводле пратаколу, абодва ў бары на чыгуначным вакзале “расьпівалі сьпіртовыя напоі й нецэнзурна лаяліся”. Амаль слова ў слова ў судзе гэта паўтарылі трое міліцыянтаў — Дзьмітры Рубашка, Андрэй Станішэўскі й Дзяніс Траскевіч. Сяргей Мальчык патлумачыў, што ён — давераная асоба кандыдата на прэзыдэнта, у штабе напружаная праца і пра гарэлку не ўзьнікае думкі, — пагатоў ім вядома, што за імі пільна сочаць.

Спадар Мальчык зазначыў: супрацоўнікі міліцыі, якія сьведчылі супраць іх з Сазонавым, у бары ўвогуле не былі, а спраўдзіць іхныя дакумэнты туды заходзілі два іншыя міліцыянты, якіх Рубашка, Станішэўскі й Траскевіч (з іхных слоў) ня бачылі. Сяргей Мальчык нават запытаўся ў Дзьмітрыя Рубашкі, ці ня сорамна яму хлусіць. Міліцыянт у адказ спаслаўся на сваю працу.

Сьведкам затрыманьня Мальчыка й Сазонава стаў дэпутат гарсавету Сяргей Кузьмянок. Сёньня ён прыехаў на таксоўцы, каб чым хутчэй расказаць у судзе праўду. Спадар Кузьмянок сказаў, што ніводзін з асуджаных ня лаяўся й гарэлкі ня піў. “Міліцыянты спачатку ўхапіліся за тое, што спадар Сазонаў крыху хістаецца, але ў яго праблемы з нагой, і ён заўжды кульгае”, — патлумачыў Кузьмянок.

Судзьдзя Натальля Козел ня зважыла на паказаньні дэпутата й пасадзіла Сяргея Мальчыка на сем сутак. Сазонава арыштавалі першым. Спадар Мальчык пасьпеў мне сказаць, што ім ня варта было зьяўляцца на вакзале, бо вакзалы сёньня пад пільным кантролем — сочаць за рухам людзей на Менск.

У Горадні сёньня міліцыянты затрымалі Вадзіма Саранчукова — намесьніка кіраўніка Гарадзенскага гарадзкога штабу А.Мілінкевіча. Затрыманы таксама галоўны рэдактар газэты “Glos znad Niemna na uchodztwie” Анджэй Пісальнік. Яго ў другой палове дня завезьлі ў Ленінскі раённы суд. Там ужо адбываўся працэс над Міколам Воранам з каманды А.Казуліна, якога ўчора зьбіў і затрымаў міліцыянт падчас распаўсюду праграмы кандыдата на прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG