Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пінску адбыліся масавыя затрыманьні сяброў штабу Мілінкевіча


Радыё Свабода У Пінску затрымалі актывістаў штабу Аляксандра Мілінкевіча. Прычынаў масавых арыштаў у гарадзкой управе міліцыі не называюць.

Аднаму зь пінскіх актывістаў, Алесю Аўсеенку, удалося пазьбегнуць арышту. Ён і паведаміў “Свабодзе”, як адбывалася ягонае затрыманьне:

(Аўсеенка: ) “Каля майго дому дзяжурыла машына. Калі я выйшаў, то сказалі, што, ім нехта патэлефанаваў і паведаміў, што нейкі мужчына тут штосьці расклейвае — паедзем у міліцыю і пагаворым. Словам, высмоктваюць розныя прычыны з пальца. Прэвэнтыўная зачыстка”.

Паводле спадара Аўсеенкі, яшчэ аднаго актывіста штабу Аляксандра Мілінкевіча, спадара Бадзевіча, затрымалі на працы.

Канстанцін Чувак, Сяргей Касьцюковіч, Віктар Ярашук (ён журналіст і сябар штабу Аляксандра Казуліна) паехалі ў гарадзкую ўправу міліцыі самастойна, каб высьветліць прычыну арышту свайго паплечніка — аднак іх таксама затрымалі.

Паўла Ляхновіча, яшчэ аднаго актывіста, забралі з дому. Як гэта адбывалася, “Свабодзе” апавяла жонка Людміла Ляхновіч:

(Ляхновіч: ) “Ён з сабакам гуляў. Прывёў сабаку дадому й кажа: зьбірай, мяне чакаюць каля пад’езду. Вылоўліваюць усіх — і казулінскіх, і хто Мілінкевіча падтрымлівае. Бяда ў нас — гэта ж жах, што робіцца! Паліцэйская дзяржава!”

Лёс затрыманых на гэты момант не вядомы: іхныя тэлефоны адключаны, а начальнік гарадзкой управы міліцыі Пінску Анатоль Яхнавец нешта патлумачыць адмовіўся:

(Яхнавец: ) “Ніхто яшчэ нічога патлумачыць ня можа, бо яшчэ толькі ідзе разьбіральніцтва. А вы ўжо ўсё хочаце ведаць. Заўтра, пасьлязаўтра, можа, разьбяромся”.

Масавыя затрыманьні актывістаў апазыцыйнага руху адзін з кіраўнікоў штабу Аляксандра Мілінкевіча Аляксандар Дабравольскі пракамэнтаваў гэтак:

(Дабравольскі: ) “Ніякіх турмаў ня хопіць, каб пасадзіць усіх, хто хоча выказаць свой пратэст. Гэта паказвае, што ўлада шалёна баіцца народнага гневу”.

Сёньня арыштавалі на 10 сутак кіраўніка штабу Мілінкевіча ў Берасьці Зьмітра Шыманскага. Затрыманы і два берасьцейскія актывісты — Сьцяпан Навасельчан і Рыгор Бакіевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG