Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два абліччы газэты “Советская Белоруссия” (фота)


Радыё Свабода, Менск Сёньняшні нумар газэты адміністрацыі прэзыдэнта “Советская Белоруссия” выйшаў накладам больш за 800 тысяч асобнікаў. Да гэтай колькасьці можна дадаць яшчэ 60 тысяч фальшывых “СБ”, затрыманых учора міліцыяй Мсьціслаўскага раёну, ды яшчэ паўтары сотні тысяч надрукаваных, але пакуль нідзе не легалізаваных. І калі ў спэцвыпуску сапраўднай газэты галоўны рэдактар Павал Якубовіч ня бачыць ніякай прапаганды існуючага ладу, то за друкаваньне фальшывай “СБ” ужо абвінавачана апазыцыя.

У прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі паведамілі, што апэрацыя ў справе перахопу аўтамашыны з 60 тысячамі асобнікаў падробленага нумару “Советской Белоруссии” сталася вынікам намаганьняў расейскага ФСБ і КДБ Беларусі. Падазраваным у датычнасьці да прадукаваньня гэтай газэты лічыцца намесьнік старшыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч.

Галоўны рэдактар “Советской Белоруссии” Павал Якубовіч пакуль ня ведае, як будзе рэагаваць на зьяўленьне “кантрафактнай прадукцыі” — чакае адказу са Смаленску ад дырэктара мясцовай друкарні: на якой падставе той надрукаваў 200 тысяч асобнікаў несапраўднай “Советской Белоруссии”.

(Якубовіч: ) “Што буду рабіць? Пагляджу, бо газэты той яшчэ ня бачыў, даслалі толькі факсавыя асобнікі. Але мяне турбуе іншае. Газэту рабілі прафэсійныя журналісты — захаваны ўсе рубрыкі ды іншае. Дый гэта не галоўнае: любы папугай-кампутаршчык можа такое зрабіць. Тэксты пісалі прафэсійныя журналісты! Самае дрэннае, што фальсыфікаваныя тэксты пра Аляксандра Лукашэнку падпісаныя рэальнымі супрацоўнікамі “Советской Белоруссии”. У нас тут, канечне, тургеневых няма. Тым ня меней, усё ўлічана, пад стыль падагнана. Вось гэта найбольш сумна, калі па праўдзе. Барацьба барацьбой, але ж навошта так журналістаў падстаўляць?”.

Як сказаў Радыё Свабода Алесь Міхалевіч, Беларускі народны фронт ніякага дачыненьня да псэўда-“СБ” ня мае, бо ён заяўляе, што выпускам яе займалася недзяржаўная ініцыятыва “Хопіць!”, якая сваёй задачай акрэсьліла “крытыку дзяржаўнай улады”. Паводле аднаго з актывістаў, маецца на ўвазе распаўсюд улётак, налепак і газэт — пераважна сатырычнага характару. Гэтаксама, як і стужак ды шалікаў у колерах Эўразьвязу. Падробленая “Советская Белоруссия” — толькі зьвяно ў ланцугу заплянаваных акцый. Вось некаторыя загалоўкі несапраўднай “СБ” — “19 сакавіка — выбары прэзыдэнта Беларусі А.Лукашэнкі”, “Самы чалавечны чалавек”, “Прэзыдэнт Беларусі —– нашчадак рускіх цароў” і г.д. Паводле аднаго зь сябраў арганізацыі, шанцаў на вяртаньне затрыманага накладу практычна няма ніякіх.

Уласна “Советская Белоруссия” сёньня выйшла накладам больш за 800 тысяч асобнікаў (зазвычай газэта выходзіць паўмільённым тыражом). Ёсьць зьвесткі, што сёньняшні наклад утрая большы. Спадар Якубовіч ня стаў удакладняць, але сказаў, што рабілі “за свае грошы”. Нічога прапагандысцкага, на думку галоўнага рэдактара, у спэцвыпуску няма.

(Якубовіч: ) “А што там прапагандысцкага? У нас ёсьць краіна, у нас жывуць людзі розных палітычных поглядаў. Кожны ўяўляе лад свайго жыцьця й лад краіны па-рознаму. Але гэта жыхары адной краіны. І газэта коштам сваіх сродкаў, ні ў каго не пазычаючы, з нагоды дня Канстытуцыі, робіць такі прома-ход, не заклікаючы пры гэтым за кагосьці галасаваць, не вінавацячы канкрэтна Гайдукевіча, Мілінкевіча, Казуліна за штосьці. Адзін чалавек прачытае з задавальненьнем, іншы — без задавальненьня, трэці ў агідзе парве й выкіне. Гэта самы звычайны ход газэтнай стратэгіі — напамін пра тое, што мы жывём і існуем”.

Сярод артыкулаў спэцвыпуску — “Цветная напасть” з крытыкай тэхналёгій “каляровых рэвалюцый”. “Мощь на марше” — пра магутнае беларускае войска. “Добрая энергия” — пра цырымоніі “пуску газу” з удзелам Лукашэнкі, а таксама іншыя загалоўкі — “Власть для народа”, “Достаток вырос”.







***

“Падробная” “Советская Белоруссия” была надрукаваная ў Смаленску ў прыватнай друкарні бізнэсоўца Міхайлава, дзе быў выдадзены арыштаваны ўчора апошні нумар “Народнай волі”. Датычнасьць да выданьня псэўда-“СБ” арганізацыі пад назвай “Хопіць!” пацьвердзіў у размове з нашым карэспандэнтам намесьнік старшыні партыі БНФ Алесь Міхалевіч. Cябры арганізацыі ў прыватнай размове гэтаксама сказалі, што спадзяваліся на вялікі рэзананс ад сваёй рэалізаванай ідэі. Аднак міліцыянты ў гэтай сытуацыі аказаліся пільныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG