Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ашмянах асуджана актывістка ініцыятыўнай групы Мілінкевіча


Радыё Свабода, Гарадзенская вобласьць Тацяна Клімовіч, актывістка ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча з Ашмянаў, пакарана раённым судом за тое, што ў здадзеным ёю падпісным аркушы за кандыдата на прэзыдэнта падчас праверкі выявілі дадзеныя пашпарту й подпіс чалавека, які ўжо чатыры гады як памёр. Спадарыня Клімовіч аштрафавана на 155 тысяч рублёў. Але сама асуджаная лічыць, што справа на гэтым ня скончана.

Ашмянская пракуратура наагул вінаваціла Тацяну Клімовіч за ўласнаручную фальсыфікацыю подпісу. Аднак сёньня ў судзе ў якасьці сьведкі прысутнічала жонка таго спадара, за якога нехта падпісаўся. Ядзьвіга Савёнак паказала, што не падпісвалася ні за каго. Найбольш яе зьдзівіў той факт, што падманны подпіс ейнага мужа насамрэч вельмі падобны да сапраўднага, і дадзеныя пашпарту гэтаксама сапраўдныя.

Тацяна Клімовіч патлумачыла суду: падпісваўся нейкі спадар, і зь ім была зусім іншая кабета — не Ядзьвіга Савёнак. На вуліцы было вельмі марозна — распавядае зьбіральніца подпісаў, — і памянёная пара надыктавалі дадзеныя пашпарту самі.

Тацяна Клімовіч прызнала сябе вінаватай, што ня спраўдзіла пазнак у пашпарце, бо не была гатова да такога падману. Гаворыць Тацяна Клімовіч:

(Клімовіч: ) “Я сама, канечне, вінавата, што не паглядзела пашпарту. Але я нават не падумала, што чалавек можа так падманваць. Яго ж ніхто не змушаў ставіць подпіс.”

Кіраўнік ініцыятыўнай групы А.Мілінкевіча ў Ашмянах Пётра Явідовіч перакананы, што гэтак маглі зрабіць толькі людзі, якія мелі доступ да пашпартных зьвестак, — прадстаўнікі пэўных уладных колаў — з мэтай учыненьня правакацый. Кажа Пётра Явідовіч:

(Явідовіч: ) “Хутчэй за ўсё, гэта ўчынілі прадстаўнікі ўлады, зацікаўленыя, каб нашых людзей цягалі па пракуратурах і судах. І ў каго могуць быць такія дадзеныя? Толькі ў пашпартным стале. Там знаходзіцца ўся інфармацыя”.

Тацяна Клімовіч намерана зьвярнуцца ў пракуратуру з заявай, каб усё ж знайшлі чалавека, якія падаў ёй сьведчаньні чужога пашпарту й падрабіў подпіс.
XS
SM
MD
LG