Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: “Улада заплянавала і арышт кандыдата Мілінкевіча”


Радыё Свабода Кандыдат ад аб’яднанай апазыцыі сёньня заявіў, што ўлады рыхтуюць правакацыі на 19 сакавіка, каб апраўдаць магчымае ўжываньне сілы, а таксама плянуюць яго арыштаваць. Але спадар Мілінкевіч перакананы, што гэта толькі ўздыме пратэстныя настроі ў краіне. Ён не адмаўляецца ад намеру правесьці мірную дэманстрацыю пратэсту ў цэнтры Менску 19 сакавіка. Тым часам кіраўнік штабу Мілінкевіча Сяргей Калякін заявіў, што ўдзел Аляксандра Лукашэнкі ў выбарах не адпавядае “Закону аб Прэзыдэнту” і Выбарчаму кодэксу.

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, з пачатку выбарчай кампаніі было затрымана больш як трыста актывістаў ягонай каманды па ўсёй краіне. Больш за пяцьдзясят чалавек цяпер знаходзяцца ў турмах. Гэткая рэакцыя ўладаў на кампанію апазыцыйнага кандыдата, на абуджэньне грамадзтва ад апатыі, перакананы спадар Мілінкевіч, сьведчыць пра маральную паразу ўлады:

(Мілінкевіч: ) “Улада ня здольная ўвогуле размаўляць зь людзьмі, яна дзейнічае толькі з пазыцыі сілы. Гвалт, рэпрэсіі, затрыманьні людзей і іншае — гэтым улада паказвае, што яна ня здатная да дыялёгу зь людзьмі. Калі сіла ўлады — зброя, то наша зброя вельмі простая: мы гаворым людзям праўду”.

Аляксандар Мілінкевіч перакананы, што ня ён, а ўлада сваімі дзеяньнямі выводзіць людзей на вуліцы. Ён паведаміў, што мае інфармацыю аб магчымых правакацыях 19 сакавіка.

(Мілінкевіч: ) “Сярод захадаў, якія заплянавала ўлада, ёсьць і арышт кандыдата Мілінкевіча, мы ведаем пра гэта. Я шчыра скажу, што ніхто ня хоча ў турму, але калі я буду ў турме, я думаю, пратэстныя настроі ў краіне яшчэ і яшчэ моцна вырастуць. Гэта будзе канчатковым крахам улады, пачаткам агоніі”.

Масавыя затрыманьні актывістаў каманды апазыцыйнага кандыдата Сяргей Калякін патрактаваў як парушэньне артыкулу 191 Крымінальнага кодэксу — перашкода вольнай агітацыі за кандыдата на прэзыдэнта, у якой удзельнічаюць мясцовыя органы ўлады і міліцыя. Пры гэтым спадар Калякін галоўным парушэньнем падчас кампаніі назваў рэгістрацыю Аляксандра Лукашэнкі, бо калі нават у Канстытуцыі цяпер няма палажэньня аб двух прэзыдэнцкіх тэрмінах для адной асобы, то гэтая сытуацыя надалей рэгулюецца “Законам аб Прэзыдэнту”, дзе такое палажэньне захавалася. Акрамя таго, спадар Калякін заявіў, што апазыцыя не рыхтуецца да незаконнага захопу ўлады:

(Калякін: ) “Гэта ня так — зыходзячы з таго, што я сказаў, неканстытуцыйны захоп улады сёньня вядуць тыя, што ля ўлады, і трэба разьбірацца з гэтымі людзьмі, а ня з тымі, хто выйдзе зь мірным пратэстам супраць таго, што тварылася, супраць гэтага бяспраўя”.

Сяргей Калякін зьвярнуўся да сілавых структураў:

(Калякін: ) “Не выконвайце злачынных загадаў, будзьце разам з народам. Мы ня хочам ніякіх сутыкненьняў і ніякага кровапраліцьця. Мы за канстытуцыйныя перамены ў краіне, мы за пераход улады паводле волевыяўленьня народу”.

Спадар Калякін таксама заявіў, што аб’яднаная апазыцыя разьлічвае на тое, што ў першым туры ніхто з кандыдатаў не набярэ большасьці галасоў, што адбудзецца другі тур, у якім перамогу здабудзе Аляксандар Мілінкевіч.
XS
SM
MD
LG