Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму смаленская тыпаграфія адмовілася друкаваць беларускія незалежныя газэты?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 14 сакавіка) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Кірыла Пазьняк і шэф-рэдактар газэты “Народная Воля” Сьвятлана Калінкіна.

(Валер Карбалевіч: ) “Нанесены чарговы ўдар па незалежнай прэсе. Смаленская тыпаграфія адмовілася друкаваць “Народную Волю”, “БДГ. “Деловая газета”, “Товарищ” — пэрманэнтнае змаганьне зь імі перанесена за мяжу Беларусі. Незалежныя газэты былі ў канцы мінулага году выкінуты з сыстэмы дзяржаўнага распаўсюду, іх забаранілі друкаваць на беларускай тэрыторыі. І вось за пяць дзён да выбараў новае выпрабаваньне. У беларускім дэмакратычным асяродзьдзі мала хто сумняваецца, што гэта зроблена пад ціскам беларускіх уладаў. Чаму так здарылася менавіта цяпер? Чаму беларускія ўлады спалохаліся незалежных газэт, наклад якіх ня вельмі высокі, параўнальна зь дзяржаўнымі газэтамі, ужо ня кажучы пра радыё й тэлевізію?

(Кірыла Пазьняк: ) “Гэта выданьні з адносна невялікім накладам, затое маюць сталую апазыцыйную аўдыторыю. Калі разглядаць праблему ў кантэксьце выбараў, то для апазыцыйных кандыдатаў Мілінкевіча й Казуліна трыбуна незалежных газэт значна меншая ў параўнаньні з тэлевыступамі й сустрэчамі з выбаршчыкамі, розгалас ад якіх куды шырэйшы.

Але апазыцыя ў гэтай выбарчай кампаніі зрабіла стаўку не на максымальны ахоп насельніцтва сваёй агітацыйна-інфармацыйнай кампаніяй, не на тактыку “ад дзьвярэй да дзьвярэй”, хоць гэта й дэкляравалася (відаць, не хапіла сродкаў — чалавечых і фінансавых), але скіравала сілу на абуджэньне вулічнай дэмакратыі да 19 сакавіка — праз мабілізацыю дэмакратычнага электарату й таксама тых, хто вагаецца. Пры такой тактыцы незалежныя выданьні зьяўляюцца вельмі важнымі сродкамі мабілізацыі, і, адпаведна, небясьпечнымі для ўладаў.

Да ўсяго ж, незалежныя выданьні спатрэбяцца апазыцыі пасьля выбараў — для падвядзеньня вынікаў у выпадку паразы. У разе перамогі яна будзе падводзіць вынікі ў “Советской Белоруссии”.

(Сьвятлана Калінкіна: ) “Яшчэ месяц таму мы ведалі, што беларускія ўлады вядуць нейкія перамовы з Смаленскам, каб забараніць там друк беларускіх незалежных газэт.

Але, як мне цяпер здаецца, у апошнія дні перад выбарамі мае быць вялікі наклад газэты “Советская Белоруссия”, якая, дарэчы, таксама друкавалася ў смаленскай друкарні. Прысьвечаны нумар будзе Аляксандру Лукашэнку.

Беларускія ўлады хочуць, каб да выбараў ніякага альтэрнатыўнага слова ў краіне не было, а яны задушаць валам сваёй інфармацыйнай прадукцыі”.

(Карбалевіч: ) “Адмова смаленскай тыпаграфіі друкаваць беларускія незалежныя газэты, мусіць, азначае нейкі новы й важны зрух у дачыненьнях паміж Беларусьсю й Расеяй. Трэба заўважыць, што таксама зьнік з аўтамагістралі на расейскай тэрыторыі білбард на падтрымку Мілінкевіча. Ці азначае гэта, што Расея перайшла да змаганьня зь беларускай дэмакратычнай супольнасьцю, павярнулася да актыўнай фазы падтрымкі Лукашэнкі? Ці можна лічыць гэта адказам саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі на новыя інфармацыйныя праекты Эўразьвязу з тэрыторый суседніх дзяржаў?”

(Пазьняк: ) “Мажліва, дадзеная праблема ўключае й гаспадарчае пытаньне. Але выдае на тое, што адмова друкаваць беларускую незалежную прэсу была зроблена з просьбы беларускага боку. Хачу заўважыць, што губэрнатар Смаленскай вобласьці Маслаў — генэрал ФСБ.

Гэтае рашэньне цалкам палягае ў рэчышчы пазыцыі, якую Расея заняла ў дачыненьні да беларускіх выбараў. Тут можна ўзгадаць і прысутнасьць Грызлова на ўсебеларускім сходзе, і інтэрвію Лукашэнкі НТВ.

Рассыпаліся ўсе спадзевы беларускай апазыцыі на расейскае тэлебачаньне. Сёньня новы расейскі амбасадар у Беларусі Сурыкаў заявіў, што ў выпадку ўвядзеньня Эўразьвязам эканамічных санкцый супраць Беларусі Расея актывізуе зь ёй эканамічнае супрацоўніцтва.

Але я не сказаў бы, што Расея перайшла да актыўнай фазы падтрымкі Лукашэнкі. Усё ж гэтая падтрымка хоць і відочная, але не такая актыўная й вялікая, як магла быць. Расея асьцерагаецца падтрымліваць Лукашэнку вельмі інтэнсіўна, бо, падобна, баіцца ўздыму антырасейскіх настрояў. Гэта па-першае. Па-другое, ці мала што можа быць 19 сакавіка... У выпадку зьмены ўлады Расея можа аказацца ў гэткім самым становішчы, як пасьля выбараў ва Ўкраіне”.

(Калінкіна: ) “Думаю, пакуль што тут можна гаварыць пра паводзіны смаленскіх уладаў, у якіх надзвычай цесныя адносіны зь беларускімі калегамі.

Калі ж разважаць шырэй, увогуле пра пазыцыю Расеі адносна нашых выбараў, то, здаецца, яе — выказанай — пакуль няма. Традыцыйна ўсе расейскія чыноўнікі лічаць, што Расея падтрымлівае Лукашэнку, і кожны, як можа, гэта робіць: Грызлоў па-свойму, Фрадкоў — яшчэ інакш, Рушайла — трэцім спосабам. Але я пакуль не адчуваю нейкай уцямнай палітыкі Крамля. Іншая справа, што няма ніякай волі на падтрымку альтэрнатыўнага кандыдата — ні Казуліна, ні Мілінкевіча, ні Гайдукевіча”.

(Карбалевіч: ) “Якія пэрспэктывы незалежнага друку Беларусі пасьля выбараў? Мусіць, трэба шукаць тыпаграфію па-за межамі Расеі. Але ўзьнікне пытаньне ўвозу накладу праз ахоўваную мяжу. Ці ёсьць выйсьце ў незалежных газэт?”

(Пазьняк: ) “Здаецца, сытуацыя з свабодай слова ў Беларусі патрапляе ў залежнасьць ад таго, што будзе адбывацца 19 сакавіка ў цэнтры Менску. Калі вынік выбараў будзе такі, што Лукашэнка перамагае, але вулічныя выступленьні апазыцыі стануць масавымі, то гэта зьменіць сытуацыю ў краіне. І, мажліва, на нейкі час Лукашэнка зробіць нейкія лібэральныя хады, умоўна лібэральныя. Тады незалежным выданьням дадуць пэўную палёгку. Прынамсі, закансэрвуюць у такім стане, у якім яны былі дагэтуль.

Што тычыцца дэмакратычных сіл, то ім, відаць, давядзецца рабіць большую стаўку на інтэрнэт. Тым больш, што ў бліжэйшыя пяць гадоў гэты сродак інфармацыі будзе хутка разьвівацца. І падчас цяперашняй выбарчай кампаніі апазыцыя змушана схіліцца да інтэрнэту, а таксама спадзявацца на вулічны распаўсюд сваіх ідэяў. Таксама скарыстоўваецца такое ноў-хаў гэтай выбарчай кампаніі, як рассылка паведамленьняў праз SMS з заклікам “галасаваць за новага” й прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу. Прынамсі, я атрымаў такое пасланьне”.

(Калінкіна: ) “Сёньня мы ўжо аддрукавалі наклад нашай газэты ў Смаленску, але ў іншай друкарні, з інакш аформленай дамовай. Але груз цяпер стаіць на мяжы — зноў не ўпускаюць у Беларусь нашы спэцслужбы. Зрэшты, у Расеі 89 рэгіёнаў і, я думаю, друкарню там знайсьці можна.

Праблема ў тым, ці могуць пасьля выбараў увогуле існаваць газэты. Альбо ўлада іх закрые, анулюе ліцэнзіі ды зробіць іншыя абмежавальныя захады? Калі Лукашэнка напіша сабе нейкія мітычныя працэнты падтрымкі, то ня маю сумневу: ён будзе закрываць незалежныя мэдыі. І больш ніякіх гульняў, быццам усё гэта пазакрывалася само па сабе. Папросту ў яго няма іншага выйсьця: застаецца толькі зубамі, рукамі, сілай трымацца за ўладу — іначай ён яе пазбавіцца. Калі пасьля 19 сакавіка Лукашэнка застанецца пры ўладзе, то распачнецца сапраўдная вайна з мэдыямі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, блякада незалежнага беларускага друку перамясьцілася за межы Беларусі. Незалежныя газэты чарговы раз паўсталі перад праблемай выжываньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG