Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебск: мінулай ноччу затрымалі сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча


Радыё Свабода Каардынатара моладзевай агітацыйнай групы і кіраўніка суполкі “Новая плынь” Віталя Броўку затрымалі апоўначы на вуліцы, калі ён вяртаўся дахаты. Пра гэта распавёў ягоны сябар Дзяніс Дзянісаў, якому затрыманы пасьпеў патэлефанаваць.

Наступны тэлефонны званок ад Віталя Броўкі быў ужо з Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі Віцебску. Ён патэлефанаваў юрысту, Аляксею Гаўруцікаву, які таксама ёсьць сябрам ініцыятыўнай групы Мілінкевіча, каб паведаміць, што на яго складаюць пратакол па артыкуле “дробнае хуліганства” паводле заявы зь Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

10 сакавіка Віталь Броўка і Дзяніс Дзянісаў прыходзілі на агітацыйны перадвыбарчы сход, што ладзіўся на філялягічным факультэце. Заўважыўшы пабочных асобаў, дэкан Віктар Несьцяровіч выклікаў міліцыю і абвінаваціў Віталя Броўку ў тым, што ён уцягвае студэнцкую моладзь у апазыцыйную дзейнасьць і зрывае ідэалягічна важную імпрэзу. Абодвух моладзевых актывістаў тады завезьлі ў Першамайскі райаддзел і ўзялі пісьмовыя тлумачэньні.

Хрыстафор Жаляпаў, кіраўнік віцебскага штабу Мілінкевіча, не выключае, што сёньня Віталя Броўку будуць судзіць, і цяпер ён афармляе дамову на паслугі адваката.

Пакуль ні час суду, ні месца цяперашняга знаходжаньня Віталя Броўкі не вядомы, ягоны мабільны тэлефон адключаны з гадзіны ночы.
XS
SM
MD
LG