Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьні ў Полацку і Наваполацку


Радыё Свабода Сёньня ў Полацку а 19-й гадзіне быў затрыманы сябра ініцыятыўнай групы Казуліна Сяргей Нецялёў. Нагодай для затрыманьня было тое, што актывіст распаўсюджваў каля гарадзкога аўтавакзалу агітацыйныя матэрыялы кандыдата на прэзыдэнты

Паводле сьведкаў, гэтыя матэрыялы мелі выходныя зьвесткі і былі надрукаваныя за сродкі Цэнтрвыбаркаму. Тым ня менш, спадара Нецялёва даставілі дзяля гутаркі на апорны пункт міліцыі, што месьціцца пры аўтавакзале, пасьля чаго адвезьлі ў пастарунак. Грамадзкі актывіст пасьпеў паведаміць сябру, што яму інкрымінуюць дробнае хуліганства.

Раней сёньня на 7 сутак адміністрацыйнага арышту асудзіў старшыня Наваполацкага гарадзкога суду Пятро Ляўчонак актывіста выбарчай кампаніі Мілінкевіча Аляксея Трубкіна. Яго затрымалі 14-га сакавіка ў фае гарадзкой гімназіі за тое, што прымацаваў да сьцяны плякат з выявай Аляксандра Мілінкевіча.

І хаця плякат меў выходныя зьвесткі, быў аддрукаваны на сродкі Цэнтравыбаркаму, а гімназія была вызначана як месца разьмяшчэньня агітацыйных матэрыялаў, актывіста затрымалі работнікі міліцыі.

Прычынай затрыманьня назвалі тое, што спадар Трубкін не ўзгадніў разьмяшчэньне агітацыйнага матэрыялу з адміністрацыяй гімназіі.

Ноч затрыманы правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня, а раніцай яго даставілі ў суд. Вёў справу непасрэдна старшыня суду Пятро Ляўчонак. Аляксея Трубкіна абвінавацілі ў тым, што ён нібыта не рэагаваў на заўвагі адміністрацыі гімназіі і нецэнзурна лаяўся на адрас работнікаў міліцыі. Пакараньне – 7 сутак адміністрацыйнага арышту.

Бацька затрыманага Анатоль Андрэевіч так пракамэнтаваў судовае рашэньне:

(Трубкін: ) “Мой сын – выхаваны хлопец. Ніколі ня лаецца, гарэлкі ня п’е, ня курыць. Карацей, малец што трэба. А тут табе маеш: нейкія абвінавачаньні, сем сутак арышту. Вядома, тым людзям, якія яго судзілі, калі-небудзь будзе сорамна за такія штукі”.
XS
SM
MD
LG