Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі поп-гурт “Краскі” за Мілінкевіча


Радыё Свабода У той час, як большасьць зорак беларускай папулярнай музыкі ўзяла ўдзел у прапагандысцкіх канцэртах “За Беларусь”, удзельнікі гурту “Краскі”, якія знаходзяцца цяпер ЗША, выступілі з заявай у падтрымку Аляксандра Мілінкевіча.

(Падбярэзскі: ) “Непаразуменьні з беларускай уладай у гурту “Краскі” пачаліся у 2003 годзе, калі прадусар калектыву Аляксей Воранаў у адной з музычных крамаў сустрэў пірацкія выданьні запісаў свайго калектыву.

Паведаміўшы аб гэтым у міліцыю, ён разьлічваў, што злачынцы будуць пакараныя. Аднак замест гэтага пасьля зьяўленьня ў офісе калектыву супрацоўнікаў АМАПу супраць Воранава была распачатая крымінальная справа. Яго абвінавацілі ў тым, што ён нібыта вымагаў ад прадаўцоў хабар.

Празь некаторы час калектыў быў змушаны зьехаць зь Беларусі.

Цяпер у Інтэрнеце зьявілася адозва, падпісаная Аляксеем Воранавым, у якой ён ад імя ўдзельнікаў калектыву зьвяртаецца да Аляксандра Мілінкевіча. У адозве між іншага гаворыцца: “Мы вымушаны былі разьлічваць толькі на саміх сябе і чакаць. Чакаць магчымасьці вярнуцца. Чакаць сканчэньня другога тэрміну Лукашэнкі. Аднак рэальнасьць больш жорсткая, чым нам таго хацелася б, і ўся надзея цяпер толькі на Вас і нашую агульную перамогу! Мы верым у Вас! Мы верым у тое, што наша краіна годная быць вольнай!”. У тэлефоннай размове Аляксей Воранаў пацьвердзіў праўдзівасьць гэтай інфармацыі”.

(Воранаў: ) “Так, безумоўна гэта праўда. Чаму менавіта Мілінкевіч? Таму што ягоная праграма найбольш блізкая. Пачыталі мы, паглядзелі, хто з кандыдатаў што зь сябе ўяўляе, і праграма Мілінкевіча больш адпавядае нейкім нашым унутраным перакананьням. Вось і ўсё”.

(Падбярэзскі: ) “Аляксей Воранаў патлумачыў адсутнасьць гэтага тэксту на афіцыйным сайце калектыву толькі тэхнічнымі праблемамі. А вось што гаворыцца ў адозве на адрас былых калегаў “Красок” па сцэне: “Цяперашнія псэўда-зоркі беларускай эстрады становяцца ў чаргу сьпяваць і агітаваць за свайго Бацьку. Яны зрабіліся ручнымі, але мы не здаліся! Мы з Вамі! Мы з Радзімай!”

(Воранаў: ) “Удзельнічаць у такіх акцыях — гэта ганьба для артыстаў. Ніводзін артыст не павінен праяўляць гэтак сябе, гэтак прыніжацца, сьпяваць такія песьні. Мы бачылі ў Інтэрнеце, у ва што ператварылася ўся гэтая акцыя, і мы абсалютна слушна зрабілі, што мы ў ёй ня ўдзельнічалі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG