Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Польскія экспэрты – пра магчымыя сцэнары прэзыдэнцкіх выбараў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Уплывовая польская фундацыя імя Баторыя распаўсюдзіла аналітычную спаваздачу аб магчымых сцэнарах разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі пасьля нядзельных выбараў і аб тым, што ў розных сытуацыях павіннен рабіць Эўразьвяз. З меркаваньнямі экспэртаў фундацыі вас пазнаёміць наш варшаўскі карэспандэнт.

Аўтары справаздачы адзначаюць, што беларусы часткова пераадолелі страх і апатыю, і гэта нягледзячы на тое, што цяперашняя выбарчая кампанія вельмі адрозьніваецца ад кампаніі 2001 году – гэтым разам рэпрэсіі рэжыму і супраць апазыцыі і супраць прадстаўнікоў Эўразьвязу і ЗША значна мацнейшыя. А ў сваю чаргу дэмакратычная апазыцыя – у першую чаргу штаб Аляксандра Мілінкевіча – лепш арганізаваная, чым апазыцыйныя колы ў часе мінулых выбараў, прычым ня толькі ў Менску, але і ў рэгіёнах.

Адметнасьцю цяперашняй сітуацыі экспэрты лічаць тое, што беларусы больш адкрытыя да ідэяў апазыцыі, аднак гэта не азначае, што яны масава возьмуць удзел у акцыях пратэстаў пасьля выбараў.

Першы сцэнар разьвіцьця падзеяў у Беларусі пасьля выбараў прадугледжвае паўтор падзеяў, шо адбыліся 4,5 гады таму – пратэсты апазыцыі адносна слабыя, пераважна ў Менску і заціхаюць самі сабой “пры абмежаваным ўмяшальніцтве міліцыі”.

Аналітыкі лічаць, што нават у такой сытуацыі Эўразьвяз павінен пайсьці далей звычайнай заявы “аб недэмакратычнасьці выбараў” і, прыкладам, пашырыць сьпіс асобаў, якім будзе забаронены уезд прычым ня толькі на тэрыторыю Эўразьвязу, але і краінаў-кандыдатаў: Баўгарыі, Румыніі, Турэччыны, куды “прадстаўнікі рэжыму ахвотна едуць на вакацыі”.

Другі сцэнар – гэта таксама даволі слабыя пратэсты апазыцыі, але жорсткая рэакцыя ўладаў. Тады Брусэлю прапануецца зрабіць больш радыкальныя захады: замарозіць рахункі “людзей рэжыму” ў замежных банках, заклікаўшы зрабіць тое самае ЗША і Швайцарыю.

Трэці варыянт – масавыя пратэсты і жорсткая рэакцыя ўладаў, якая прыявдзе да крывавага здушэньня дэманстрацыяў. У такой сытуацыі, паводле адмыслоцаў, Эўразьвяз павінен увесьці санкцыі ня толькі супраць сотняў і тысячаў прадстаўнікоў рэжыму, але і супраць беларускіх фірмаў, абвясьціць беларускіх амбасадараў асобамі непажданымі ў краінах Эўразьвязу і адкрыць межы для ўцекачоў.

Аўтары працы прадугледжваюць яшчэ два сцэнары падзеяў – “украінскі варыянт”, калі пад ўціскам масавых пратэстаў рэжым пойдзе на перамовы з апазыцыяй, а таксама, што ўлады могуць адсунуць дэмакратычных кандыдатаў ад удзелу ў выбарах напярэдадні галасаваньня.

Адмыслоўцы падкрэьсліваюць - падзеі апошніх дзён у Беларусі сьведчаць аб тым, што варыянту ўжываньня ўладамі грубай сілы нельга выключыць.
XS
SM
MD
LG