Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праблема дысбалянсу галін улады: меркаваньні кандыдатаў на прэзыдэнта


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Беларусі дзяржаўнае сьвята – Дзень Канстытуцыі. Вярхоўны Савет XII скліканьня прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 15 сакавіка 1994 году. Праца над гэтым дакумэнтам доўжылася больш за тры гады. Але падчас рэфэрэндуму 1996 году ў канстытуцыю краіны былі ўнесеныя кардынальныя зьмены, якія найперш парушылі балянс галін улады. Як ставяцца кандыдаты ў прэзыдэнты да праблемы рэфармаваньня галін улады?

У перадвыбарчых тэзах Сяргей Гайдукевіч не кранае праблемы рэфармаваньня дзяржаўнай улады. Але сярод агітацыйнай прадукцыі распаўсюджваецца праграма яго Лібэральна-дэмакратычнай партыі. ЛДП выступае за пераадоленьне канстытуцыйнага крызісу празь перамовы зь дзейнай уладай і рэфармаваньне канстытуцыі па дэмакратычных эўрапейскіх стандартах. ЛДП будзе, між іншым, дамагацца рэальнага разьмежаваньня паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады.

Аляксандар Казулін неаднойчы выказваўся па гэтым пытаньні.

(Казулін: ) “Лепшы быў бы варыянт адразу перайсьці да канстытуцыі 1994 году. Але гэта выкліча хаос і бязладзьдзе ў краіне, бо вялікая колькасьць законаў і падзаконных актаў, нарматыўных дакумэнтаў прынятая. І проста іх адмяняць – азначае пагрузіць краіну ў непрацоўны стан. Таму, натуральна, трэба будзе склікаць Канстытуцыйны сход з удзелам прадстаўнікоў розных грамадзка-палітычных сілаў, якія ў спакойным рэжыме могуць абмеркаваць пытаньні новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”.

Паводле спадара Казуліна, трэба ўсім зрабіць выснову з таго, што адбывалася цягам апошніх 12 гадоў.

(Казулін: ) “Нас Лукашэнка навучыў вельмі добра, як ня трэба рабіць, як ня трэба кіраваць. Натуральна, што ў гэтай канстытуцыі павінна быць істотнае памяншэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта і рэальны падзел уладаў – заканадаўчай, выканаўчай і судовай. І, вядома, чацьвертая ўлада павінна заняць сваё дастойнае месца ў грамадзтве. Зусім праўдападобна, што могуць разглядацца пытаньні ня толькі прэзыдэнцкай, але й парлямэнцка-прэзыдэнцкай рэспублікі”.

Аляксандар Лукашэнка пакуль што не выказваўся за тое, каб, напрыклад, перадаць частку сваіх паўнамоцтваў. А вось меркаваньне старшыні Канстытуцыйнага суду Рыгора Васілевіча:

(Васілевіч: ) “На сёньня канстытуцыя – даволі сучасны дакумэнт, і трэба больш імкнуцца, каб тыя нормы і правілы, якія замацаваныя ў канстытуцыі, ажыцьцяўляліся на практыцы. У нас 12 гадоў прайшло пасьля прыняцьця канстытуцыі, і мы таксама зрабілі нейкія крокі, павінны далей імкнуцца, каб дзяржава разьвівалася”.

Кіраўнік штабу Аляксандра Мілінкевіча Сяргей Калякін заявіў, што галоўнае пытаньне ў падзеле ўладаў:

(Калякін: ) “Галоўнае, каб была збалянсаваная ўлада і каб улада не належала адной галіне ўлады. Трэба, каб парлямэнт аднавіў свае паўнамоцтвы як адзіны заканадаўчы орган. Не павінна быць іншых заканадаўчых органаў у краіне. Судовая ўлада павінна быць выведзеная з падпарадкаваньня выканаўчай улады. Яна павінна стаць арбітрам паміж грамадзянамі і ўладай. Трэба аднавіць паўнамоцны ўрад, які б стаў галоўным органам выканаўчай улады. Парлямэнт павінен прымаць канчатковае рашэньне пра зацьверджаньне ўраду і пра яго адстаўку. Балянс зробіць уладу больш справядлівай, больш адкрытай і праўдзівай”.
XS
SM
MD
LG