Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Gazeta Wyborcza”: у некаторых месцах галасуюць пад прымусам


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польскія мэдыі паведамляюць сёньня пра хвалю прысудаў, вынесеных актывістам штабоў дэмакратычных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі. Галоўная выснова камэнтатараў – беларускія ўлады ужо нават не спрабуюць зрабіць выгляд, што выбарчая кампанія праходзіць дэмакратычна.

Пра апошнія падзеі выбарчай кампаніі ў Беларусі палякаў рэгулярна інфармуюць усе вядучыя тэлеканалы і радыёстанцыі.

Апэратыўна працуюць і газэты, нягледзячы на тое, што беларускія ўлады не далі карэспандэнтам шэрагу зь іх акрэдытацыяў на выбары. “Gazeta Wyborcza” піша сёньня пра пачатак датэрміновага галасаваньня, арышты прыхільнікаў дэмакратычных кандыдатаў у рэгіёнах Беларусі, а таксама аб прысудах, вынесеных двум актывістам не прызнаванага афіцыйным Менскам кіраўніцтва Саюзу палякаў Беларусі. Адзін зь іх – Андрэй Пачобут – зьяўляецца карэспандэнтам “Gazetу” і ехаў у Менск, каб асьвятляць для найбольшага ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе штодзёньніка хаду прэзыдэнцкай кампаніі.

“Празь Беларусь прайшла хваля арыштаў. Міліцыянты і супрацоўнікі КДБ затрымліваюць перадусім супрацоўнікаў штабоў Аляксандра Мілінкевча і актывістаў БНФ, якія яго падтрымліваюць... Таксама ўчора пачалося датэрміновае галасаваньне – апазыцыя папярэджвае, што такое галасаваньне толькі дапамагае рэжыму ў фальсыфікацыях вынікаў выбараў... У некаторых месцах галасаваньне адбываецца пад прымусам”, – піша “Gazeta Wyborcza”.

Іншы польскі штодзёньнік “Rzeczpospolita” ў матэрыяле, прысьвечаным апошнім падзеям у Беларусі, адзначае, што беларускія ўлады ўжо нават не спрабуюць рабіць выгляд, што выбары праходзяць дэмакратычна. “Прычыны перасьледу журналіста Андрэя Пачобута відавочныя – рэжым Лукашэнкі хоча заблякаваць інфармацыю пра хаду выбараў. Ён ужо не спрабуе рабіць выгляд, што ўсё ў парадку. Каб зрабіць “цуд з выбарчай скрынкай”, улады пачынаюць заганяць выбарнікаў на датэрміновае галасаваньне”, – піша “Rzeczpospolita”.
XS
SM
MD
LG