Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наваполацак: работнікаў “Паліміру” вазілі галасаваць аўтобусамі


Радыё Свабода

Пра тое, як пачалося датэрміновае галасаваньне ў Наваполацку, расказвае тамтэйшы грамадзкі актывіст Валер Шаўчэнка.

(Шаўчэнка: ) “Сёньня а 9-й гадзіне раніцы ад галоўнай прахадной “Паліміру” адышло некалькі “Ікарусаў” з работнікамі прадпрыемства. Такім чынам, людзей павезьлі на датэрміновае галасаваньне. Наступныя выезды былі а 12-й і 16-й гадзіне. Зразумела, гэта відавочнае ігнараваньне Выбарчага кодэксу”.

Як паведамляе наш наваполацкі карэспандэнт, многія работнікі “Паліміру”, аднак, да выбарчых участкаў не даехалі і пайшлі дадому. Праўда, і бязь іх ля выбарчых скрыняў было даволі шматлюдна. Прычым, у адрозьненьне ад мінулых кампаніяў, гэтым разам на ўчастках у першы дзень датэрміновага галасаваньня былі ў асноўным маладыя людзі.

Учора раніцаю наш карэспандэнт падышоў да гарадзкога выбарчага ўчастку №11 і сустрэў там хлопцаў і дзяўчат. Былі там і студэнты мясцовага ўнівэрсытэту, якім, паводле іх словаў, проста загадалі прагаласаваць датэрмінова.

(Дзяўчына: ) “Прыйшло да нас на працу начальства. Сабралі ўсіх, пасадзілі і прапанавалі прагаласаваць датэрмінова. Пайшлі... Прагаласілі...”

(Хлопец: ) “Прагаласаваў... і ўсё. Людзі павінны галасаваць за тыдзень да выбараў. Калі скажуць галасаваць за два тыдні, мы й за два пойдзем”.

Ужо блізка абеду лік тых, хто прагаласаваў на асобных наваполацкіх участках, ішоў на дзясяткі. Гаворыць Яўген Парчынскі – давераная асоба Аляксандра Казуліна:

(Парчынскі: ) “Нашы людзі працуюць на некалькіх участках назіральнікамі. На адным з участкаў, №1, яшчэ да абеду прагаласавала 65 чалавек”.

Паводле стану на 18 гадзін вечара на згаданым участку ўжо аддалі свае галасы 115 чалавек, на ўчастку №2 – 100, на участку №3 – 110 выбарцаў. Прыкладна столькі ж выбарцаў наведалі і іншыя выбарчыя ўчасткі ў Наваполацку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG