Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебшчына: датэрміновае галасаваньне пачалося з парушэньнямі


Вячаслаў Кулік, Віцебск Як праходзіць выбарчая кампанія ў рэгіёнах? Сёньня – падрабязьней пра сытуацыю на Віцебшчыне.

Абласны цэнтар на поўначы Беларусі, магчыма, ізноў наведае кандыдат на пасаду прэзыдэнта Сяргей Гайдукевіч. Раней там адбылася толькі адна ягоная сустрэча з выбарцамі – у халодным двары гатэлю “Віцебск”.

(Гайдукевіч: ) “Я лічу, што мала ўвагі ўдзяліў некаторым гарадам. І хацелася б “праараць” пешкі вуліцы больш-менш вялікіх гарадоў. Гэта й буду рабіць да 17-га сакавіка”.

У Віцебскім рэгіянальным штабе Аляксандра Казуліна паведамляюць пра выкрытыя першыя парушэньні на датэрміновым галасаваньні. Слова Вользе Шпакоўскай:

(Шпакоўская: ) “У кабінках для галасаваньня вывесілі прыкладны бюлетэнь з выдуманымі прозьвішчамі, але “птушка” стаіць у тым месцы, дзе ў сапраўдным пазначана прозьвішча Лукашэнкі. На некаторых участках назіральнікам не дазволілі дадаткова апячатаць скрыні для галасаваньня”.

Віцебскі гарвыканкам вітае публічныя акцыі ў падтрымку дзейнага прэзыдэнта. На вечарыне студэнтаў, якія галасуюць упершыню, чыноўнікі заклікалі моладзь сказаць “так” Аляксандру Лукашэнку. Прысутныя пачулі пра нібыта дадатковыя канікулы для тых, хто прагаласуе датэрмінова. Правяраю інфармацыю ў ідэоляга гарвыканкаму Міхаіла Кузьміча.

(Карэспандэнт: ) “Журналіст Радыё Свабода Вячаслаў Кулік”.

(Кузьміч: ) “Я нічога ня ведаю. Ні кулікоў, ні свабоды...”

Асобны полк міліцыі па Віцебскай вобласьці правёў вучэньні на выпадак “масавых беспарадкаў у рэгіёне” 19 сакавіка. Пра гэта было паведамлена на паседжаньні тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. У сваю чаргу прыхільнік Аляксандра Мілінкевіча і назіральнік ад Беларускага Хэльсынскага камітэту Іосіф Навумчык папрасіў кіраўнікоў “Віцебскаблтэлекаму” забясьпечыць гарантаваную тэлефонную сувязь.

(Навумчык: ) “Я нагадаў, што ў 2001 годзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў ува ўсіх, хто займаўся выбарамі, акрамя ўладных структур, былі адключаныя тэлефоны. І хатнія, і ў тых месцах, дзе знаходзіліся штабы па назіраньні ці штабы кандыдатаў. Я папрасіў, каб сувязісты былі гатовыя да гэтага й цяпер”.
XS
SM
MD
LG