Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таталізатар у Дрэздэне: хто пераможа на выбарах у Беларусі?


Радыё Свабода, Прага Сёньня а 14-й гадзіне ў Дрэздэне стартуе акцыя – таталізатар “Хто пераможа на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі?”. Арганізатар імпрэзы, лідэр моладзевага аб''яднаньня “Культурактыў” Мірка Зэнэвальд вызначае мерапрыемства як сатырычны або парадыйны пэрформанс.

Акцыя будзе праходзіць у адным з памяшканьняў у цэнтры гораду, дзе звычайна дрэздэнцы праводзяць гэтак званыя выбарчыя вечарыны. У немцаў вельмі папулярныя імпрэзы за келіхам піва, калі ўдзельнікам прапануецца ўгадаць імя пераможцы выбарчай гонкі. У часе сёньняшняй імпрэзы ў нямецкіх традыцыях будзе прадавацца піва. Аднак афармленьне памяшканьня будзе выкананае ў традыцыях афіцыйнай беларускай агітацыі. Слова Мірка Зэнэвальду:

(Зэнэвальд: ) “Нашае выбарчае бюро адчыняецца а 14-й гадзіне, у час, калі ў нас звычайна пачынаюцца выбарчыя “парці”. Мы прапануем нашым гасьцям прадказаць, хто ж выйграе ў Беларусі і зь якой колькасьцю адсоткаў. Хаця, паводле нямецкіх назіральнікаў, імя пераможцы не выклікае сумневу. Зразумела, дрэздэнцам як грамадзянам былой ГДР ня трэба тлумачыць, што такое выбары пры дыктатуры, а таму іронію зразумеюць усе. Мы запрапануем удзельнікам запоўніць выбарчыя лісткі, раскажам пра самага галоўнага кандыдата ў прэзыдэнты – Лукашэнку. Мае сябры прывезьлі зь Беларусі шмат партрэтаў дзейнага прэзыдэнта з тыповымі для беларускіх уладаў цытатамі і заклікамі. Кшталту такіх, як “Купляйце беларускае!” Гэта вельмі нагадвае час ГДР, хаця ў нас так кепска, як у Беларусі, усё ж тады не было.

Нашае аб’яднаньне “Культурактыў” робіць розныя музычныя праекты. Мы каапэруемся з рознымі музыкамі, якіх перасьледуюць ці перасьледавалі ўлады. У нас добрыя кантакты зь беларускімі рок-музыкамі, у прыватнасьці з NRM. На сваім інтэрнэт-сайце (http://belarus.kulturaktiv.org) мы задакумэнтавалі ўсе выпадкі забаронаў на выступы рок-гуртоў, зрабілі спасылкі на радыёстанцыі. Я магу сказаць, што за часам ГДР улады перасьледавалі рок-музыкаў, якія пісалі крытычныя песьні, аднак тое, як гэта робіцца ў Беларусі, – значна горш. У прыватнасьці, у параўнаньні з тым, што я памятаю”.

19 сакавіка ў Дрэздэне адбудзецца яшчэ адна імпрэза з удзелам згуртаваньня “Культурактыў”. Увечары ў адным з клюбаў будзе дэманстравацца фільм маладога нямецкага рэжысэра Гергарда Штоля пра апазыцыйную беларускую моладзь.
XS
SM
MD
LG