Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вольнае Глыбокае”: “Як жыхары Мосару назвалі ксяндза антыхрыстам”


Падрыхтавала Іна Студзінская Агляд недзяржаўных СМІ за 15 сакавіка.

“Народная Воля” пад рубрыкай “Нельга маўчаць!” публікуе артыкул акадэміка Аляксандра Вайтовіча “Гэта дыктатура”. Яшчэ адзін матэрыял называецца “Інтэрактыўная хлусьня, альбо пра тое, як апазыцыя дапамагае “піярыць” праціўніка” – пра ток-шоў “Выбар” з удзелам прадстаўнікоў апазыцыі на ОНТ. Пад рубрыкай “Пратэст” “Народная Воля” зьмяшчае зварот Аб’яднанай грамадзянскай партыі “Спыніць парушэньні Канстытуцыі”. Газэта аналізуе таксама крызісны стан кардыялягічнай галіны краіны.

“Газета Слонімская” піша, што на прадпрыемствах гораду зьнішчаюцца агітацыйныя матэрыялы Мілінкевіча. Да прыкладу, нехта з кіраўніцтва прадпрыемства “Водаканал” сарваў партрэт кандыдата ў прэзыдэнты, які вісеў у вызначаным для агітацыі месцы, і спаліў яго.

“Птушкафабрыка Слонімская” прызнаная найлепшай у Гарадзенскай вобласьці. Летась сярэдняя слонімская курыца зьнесла 270 яек.

“Вольнае Глыбокае” дасьледуе гісторыю знакамітага касьцёлу сьвятой Ганны ў мястэчку Мосар, які нават за савецкім часам заставаўся храмам, ня быў ператвораны ў калгаснае сховішча. Дасьледаваньне Ўладзімера Скрабатуна называецца “Як жыхары Мосару назвалі свайго ксяндза антыхрыстам”.

(Скрабатун: ) “У 1870 годзе прыехалі жандары ў вёску Мосар, прывезьлі малітоўнік на расейскай мове і ўгаварылі ксяндза чытаць малітвы па-расейску. Абураныя парафіяне пакінулі касьцёл, назваўшы ксяндза антыхрыстам. У гэтым жа касьцёле былі ўведзеныя богаслужэньні па-беларуску адразу ж пасьля 1917 году” .

“Вечерний Бобруйск” піша: намесьнік старшыні Бабруйскага гарвыканкаму па ідэалёгіі Міхаіл Кавалевіч незадаволены тым, што кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч прыяжджаў у горад “у суправаджэньні заходніх сродкаў масавай інфармацыі – Радыё Свабода і Польскага тэлебачаньня”. А бабруйскія рок-гурты “Карсар”, “Кіпер” і “Комплекс” наагул вызначыліся: узялі ўдзел у канцэрце “За Беларусь”, які ладзіў БРСМ, паведамляе “Вечерний Бобруйск”.
XS
SM
MD
LG