Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Народная Воля” застаецца пад арыштам у Віцебску


Радыё Свабода Наклад апошняга нумару газэты “Народная Воля” застаецца пад арыштам у будынку абласной управы міліцыі Віцебску. Незалежнае выданьне затрымалі на беларуска-расейскім мытным пераходзе “Рэдзькі” пры перавозцы ў Менск са смаленскай друкарні. Прычынаў затрыманьня перавозчыкам не патлумачылі. У рэдакцыі “Народнай Волі” мяркуюць, што гэткім чынам ўлады блякуюць доступ чытачоў да незалежнай інфармацыі напярэдадні галасаваньня.

Два нумары “Народнай Волі” тыражом 27 тысячаў асобнікаў былі надрукаваныя ў адпаведнасьці зь дзейным заканадаўствам. Гэта падцьверджана адпаведнымі дакумэнтамі, а таму рэдактар выданьня Іосіф Сярэдзіч спадзяваўся забраць наклад з будынку Віцебскай абласной управы міліцыі. Аднак зараз гэта зрабіць наўрад ці ўдасца – кажа спадар Сярэдзіч.

(Сярэдзіч: ) “Калі далі каманду разгрузіць, дык якія могуць быць спадзяваньні?”

Намесьнік Віцебскай абласной управы міліцыі Сяргей Іваноў патлумачыць прычыну арышту газэты адмовіўся. Намесьніца рэдактара “Народнай Волі” Сьвятлана Калінкіна мяркуе, што гэта ёсьць адмысловай акцыяй уладаў напярэдадні асноўнага дня галасаваньня.

(Калінкіна: ) “Улады абралі тактыку апошнімі днямі перад галасаваньнем проста закідаць людзей дзяржаўнай газэтай “Советская Белоруссия” з рэклямай толькі аднаго кандыдата Аляксандра Лукашэнкі. Я думаю, што дзеля гэтага ўсе незалежныя выданьні й нэўтралізаваныя, каб у апошнія дні быў толькі адзін твар і толькі адзін накірунак у агітацыі”.

Як паведамілі ў рэдакцыі “Народнай Волі”, журналісты будуць працягваць працаваць над новымі нумарамі газэты, але яны ня ўпэўненыя, што газэта зможа патрапіць да чытачоў да 19 сакавіка.

Затрыманы наклад “Народнай Волі” быў надрукаваны ў Смаленску паводле адпаведнай дамовы з друкарняй. Зьмяніць месца друкаваньня рэдакцыя была вымушаная пасьля таго, як напярэдадні Смаленскі паліграфічны камбінат адмовіўся ад супрацоўніцтва з шэрагам незалежных беларускіх газэтаў. Сярод іншых гэта “Народная Воля”, газэта “Товарищ” і “БДГ. Деловая газета”.

Акрамя таго, у будынку абласной управы міліцыі Віцебскай вобласьці па-ранейшаму застаецца 250-тысячны наклад газэты “Народная Воля”, якая паведамляе пра зьбіцьцё Аляксандра Казуліна й сустрэчу з выбарцамі Аляксандра Мілінкевіча, якія адбыліся ў Менску 2 сакавіка. Газэта была затрыманая 3 сакавіка, і дагэтуль лёс арыштаванага нумару застаецца ня вырашаным”.
XS
SM
MD
LG