Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зварот старшыні Рады БНР І.Сурвілы да беларускага народу


Радыё Свабода 14 сакавіка старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла выступіла з традыцыйным зваротам да беларускага народу напярэдадні сьвята 25 сакавіка. У звароце Сурвіла заклікае грамадзянаў Беларусі не баяцца і паказаць сьвету сваю чалавечую годнасьць.

"Рада Беларускае Народнае Рэспублікі

Прэзыдыюм

Зварот да беларускага народу

Атаўская газэта "The Ottawa Citizen" перадрукавала 10 сакавіка артыкул Джэрэмі Пэйдж з "London Times" пад загалоўкам “Страх ахапіў Беларусь напярэдадні выбараў”.

І тут мне прыпомніліся словы папы Яна Паўла ІІ да польскага народу. “НЯ БОЙЦЕСЯ”, – казаў ён. Словы гэтыя мелі велізарны водгук, і ім заўдзячаецца шматлікімі аналітыкамі перамога “Салідарнасьці” над нялюдзкім рэжымам.

Усе тыраніі, усе дыктатуры абапіраюцца на страх. Страхам апраўдваюцца так званыя “моцныя” рэжымы, бо ж, маўляў, толькі “моцны” правадыр можа абараніць народ ад нутраных і вонкавых ворагаў. Калі ж ворагаў няма, трэба іх прыдумаць. Так былі прыдуманыя “страшны” Захад, “агрэсіўная” Амэрыка, дый найгоршыя з найгоршых – нашыя ўласныя “нацыяналісты”.

У адсутнасьці аб’ектыўнай інфармацыі людзям не відаць, што ўся гэтая прапаганда, якой прамываюцца іх мазгі ад часоў Сталіна, ня мае іншай мэты, як зрабіць зь іх застрашаных нявольнікаў, якія будуць працягваць казаць, як нашыя дарагія бабулькі – “абы вайны не было”. Тыран Сталін укатрупіў дваццаць мільёнаў нявінных людзей пад тлумачэньнем, што ён зьнішчае “ворагаў народу”.

Новы кандыдат на гэтую ролю, Аляксандар Лукашэнка, які трымае ў сваіх руках уладу дзякуючы наступнікам Сталіна, карыстаецца тымі самымі аргумэнтамі. Нават назоў “бацька”, які дыктатар прысвоіў, сьведчыць пра такія намеры. Ён, маўляў, мусіць быць жорсткім “бацькам”, каб абараніць “нашу Беларусь” ад усіх ворагаў, уключна зь яе дэмакратычнай апазыцыяй.

Жорсткасьць гэтая дазваляе яму гвалціць абсалютна ўсе людзкія правы – нават тыя, якімі наш народ карыстаўся яшчэ ў XVI стагодзьдзі, калі ён быў адным з найбольш цывілізаваных народаў Эўропы. Сёньня забараняецца чытаць вольную прэсу, канфіскуецца выбарчы матэрыял, арыштоўваюцца патрыёты, якія змагаюцца не за ўладу, а за лепшую долю свайго народу, забараняюцца мітынгі выбаршчыкаў, канкурэнты Лукашэнкі не дапускаюцца да СМІ і зьбіваюцца.

Дыктатар спадзяецца, што застрашаны люд даверыць яму яшчэ пяць гадоў улады і дазволіць яму закончыць сваё здрадніцкае жаданьне – адаць наш край у няволю. Гэта ўважаю найбольшай небясьпекай для будучыні Беларусі. Калі Лукашэнка здолее зьдзейсьніць сваю задуму “саюзу з Расеяй”, дзяржава нашая перастане існаваць, як яна перастала існаваць пасьля першага аншлюсу яе ў Расейскую Імпэрыю ў 1795 годзе.

Дарагія суродзічы, Вы маеце права, як і ўсе людзі, жыць спакойна і шчасьліва ў сваёй уласнай дзяржаве, бяз страху, без тэрору. Вы маеце права працаваць самі на сябе, на сваіх дзетак, на сваіх унукаў. Вашыя суседзі прайшлі ўжо шлях да нармальнага стану жыцьця. Усе яны гатовыя вам дапамагчы. Адзін толькі сусед вам дабра не жадае, бо калі б жадаў, не падтрымоўваў бы дыктатара Лукашэнку.

Дык паўтару словы папы Яна Паўла – НЯ БОЙЦЕСЯ!

Не давайце нікому адабраць у Вас Ваш голас. Не апускайце рук. Пакажыце сьвету сваю чалавечую годнасьць, каб Дзень 25-га Сакавіка стаўся назаўсёды усебеларускім Днём Волі.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвіла, Старшыня Рады БНР.

Канада, 12 сакавіка 2006 г."
XS
SM
MD
LG