Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заклад у 7,5 тысяч даляраў за А.Філімонава заплацілі сваякі


Радыё Свабода Антон Філімонаў, сын забітай пазалетась журналісткі Веранікі Чаркасавай, адпушчаны на волю пад заклад. Антон правёў за кратамі сьледчага ізалятара два з паловай месяцы паводле абвінавачаньня ў вырабе і распаўсюдзе фальшывых грошай.

Сваякі Антона Філімонава ўнесьлі заклад за Антона, каб хлопец мог паправіць сваё здароўе і хадзіць у школу. Сума закладу сем з паловай тысяч даляраў.

Антона Філімонава затрымалі 28 сьнежня супрацоўнікі міліцыі Першамайскага раёну. Падставай для затрыманьня сталі 5 грашовых купюраў, якія зрабілі падлеткі, каб даказаць адзін аднаму, чый кампутар лепшы. Пракурор толькі для Антона Філімонава абраў арышт мерай стрыманьня. Бабуля і дзед Антона вельмі непакоіліся за ягоны стан здароўя. Яны зьвярталіся па дапамогу ў розныя грамадзкія арганізацыі, каб хлопцу зьмянілі меру стрыманьня.

Фактычна Антон не вучыўся ў мінулым навучальным годзе, бо хадзіў на допыты як падазраваны ў забойстве сваёй маці. У яго быў нэрвовы зрыў, і ён нават трапіў у псыхіятрычны шпіталь. Бацька Антона забраў сына да сябе ў Маскву, а праз два месяцы, калі з хлопца зьнялі статус падазраванага, ён вярнуўся ў Менск.

Гаворыць бабуля Антона Дыяна Чаркасава:

(Д.Чаркасава: ) “Здароўе, мусіць, не палепшылася ад знаходжаньня ў СІЗА. Ну, не санаторый. Нас і папярэджвалі, што гэта не санаторый. Настаўнікі гатовыя дапамагаць. У яго вельмі добрая клясная кіраўніца. Мусіць, усё паўплывала. Магчыма, апошняй кропляй стала тое, што “Міжнародная амністыя” выступіла ў абарону Антона. Тое, што журналісты, сябры Веранікі, зьбіралі подпісы, Антон ведаў, бо, як высьветлілася, ён мусіў за ўсё гэта расьпісвацца”.

Дыяна Чаркасава паведаміла, што Антон пасьля сьледчага ізалятара яшчэ не прыйшоў у нармальны стан. Хлопец амаль не выходзіць са свайго пакою. Днямі Антону Філімонаву мусяць прад’явіць афіцыйнае абвінавачаньне. Цягам месяцу крымінальная справа павінна быць перададзеная ў суд Першамайскага раёну Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG