Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч правёў сустрэчы з выбарцамі Гомельшчыны


Радыё Свабода Кандыдат ад аб''яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч сёньня знаходзіцца ў перадвыбарчай паездцы ў Гомельскай вобласьці. А 6-й вечара пачалася сустрэча з выбарцамі на стадыёне Паўстаньня ў Гомелі. Перад гэтым ён правёў сход у Мазыры.

Студэнты Мазырскага пэдынстытута казалі , што ўжо сёньня выкладчыкі і выхавацелі прымушалі іх ісьці на датэрміновае галасаваньне, а пасьля на бясплатны канцэрт пад назвай "За Беларусь", які пачаўся якраз у час сходу Аляксандра Мілінкевіча. Тым ня меней, заля Ўсходняга дома культуры ў Мазыры была перапоўненая.

А.Мілінкевіч заклікаў выбарцаў ня браць удзел у датэрміновым галасаваньні, бо гэтыя галасы могуць быць скрадзеныя. Сп. Мілінкевіч заявіў пра несправядлівыя і няроўныя ўмовы перадвыбарчай кампаніі, пра рэпрэсіі супраць ягонага актыву, і абяцаў, што кожнае парушэньне выбарчага заканадаўства з часам будзе расьсьледаванае судом.

(Мілінкевіч: ) "Тыя, што парушаюць выбарчае заканадаўства і хлусяць на выбарах, тыя што садзяць у судах людзей па палітычных матывах, сапраўды будзе зь імі размова ў нармальнай справядлівай краіне, і яны адкажуць за гэта па закону. Набліжаюцца выбары. Парушэньні выбарчага заканадаўства, парушэньні канстытуцыі ня маюць тэрміну даўніны. У нас будзе 70 тысячаў чалавек па краіне, якія ўдзельнічаюць у фальсыфікацыях. Такія справы вельмі лёгка высьвятляюцца. Давайце ня будзем хлусіць самі сабе, давайце хоць на гэты раз шчыра палічым галасы".

Публіка рэагавала на выступ А.Мілінкевіча па-рознаму. Некаторыя горача падтрымлівалі яго, іншыя крытыкавалі і ня менш горача выказваліся на карысьць А.Лукашэнкі. Людзі не засталіся абыякавымі і да закліку А.Мілінкевіча 19 сакавіка выйсьці на Кастрычніцкую плошчу Менску. Адна жанчына засьцерагла Мілінкевіча, што можа праліцца кроў. Сп. Мілінкевіч заявіў, што ён і ягоныя прыхільнікі выйдуць пратэставаць бяз зброі.

(Мілінкевіч: ) "І калі вы кажаце, што пральецца кроў, толькі ўлада можа гэта зрабіць. І яна нясе адказнасьць. Я іх папярэджваў – я кажу, што калі хоць штосьці адбудзецца, я не нясу адказнасьці. Я не халоп, я ня буду сядзець у склепе з-за таго, што яны зусім знахабнелі, што яны ня хочуць слухаць народ. Правядзіце справядлівыя выбары, канец канцоў!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG