Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пры Эўрапарлямэнце створаць Цэнтар маніторынгу выбарчай сытуацыі ў Беларусі


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня ўвечары ў Страсбуры адбылося паседжаньне часовай (ad hoc) дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў Беларусь з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў – усім сямі дэпутатам-сябрам дэлегацыі беларускія ўлады адмовіліся выдаць візы. Парлямэнтары вырашылі не спрабаваць усё адно ўехаць у Беларусь і заявілі аб стварэньні ў Эўрапарлямэнце Цэнтру маніторынгу выбарчай сытуацыі ў Беларусі.

Кіраўнік дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў Беларусь з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў дэпутат ад Польшчы Богдан Кліх адразу пасьля сканчэньня паседжаньня дэлегацыі сказаў Радыё Свабода, што дэпутаты будуць працягваць сваю місію, але не на тэрыторыі Беларусі.

(Кліх: ) “Ведаючы на 100%, што нас ня пусьцяць на тэрыторыю Беларусі, мы вырашылі стварыць у Брусэлі Цэнтар маніторынгу выбарчай сытуацыі ў Беларусі, які будзе працаваць бесьперапынна, зьбіраючы інфармацыю аб хадзе выбараў, каб мы маглі як мага хутчэй падрыхтаваць дакумэнт аб папярэдняй ацэнцы галасаваньня ўжо ў панядзелак раніцай”.

Раней зьявілася інфармацыя аб тым, што дэпутаты, нягледзячы на адмову беларускіх уладаў, усё ж спрабуюць паехаць у Беларусь, бо трое з чальцоў дэлегацыі маюць дыпляматычныя пашпарты. У часе паседжаньня, аднак, такі варыянт быў адзінагалосна адкінуты.

(Кліх: ) “Мы вырашылі, што трэба захаваць салідарнасьць унутры нашай групы. Мы ня можам дазволіць, каб Лукашэнка вырашаў, хто з дэпутатаў можа ўехаць у Беларусь, а хто не. Трое з нас маюць дыпляматычныя пашпарты і, тэарэтычна, маглі б паспрабаваць, але мы ня хочам даць прапагандзе шанец абвінаваціць нас у палітычных скандалах на мяжы за грошы эўрапейскіх падаткаплацельшчыкаў, ведаючы, што нас і так не ўпусьцілі б у Беларусь”.

Нагадаем, што ліст з адмовай акрэдытацыі для сямі дэпутатаў Эўрапарлямэнту падпісаў намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Аляксандар Герасіменка. У дакумэнце гаворыцца, што Менск ня мае падставаў каб запрашаць эўрапарлямэнтароў, “тым больш што Эўрапейскі парлямэнт не прызнае цяперашняга беларускага парлямэнту”.

Намесьнік міністра папярэдзіў дэпутатаў, што калі яны паспрабуюць перасекчы мяжу “іншым спосабам”, гэта будзе лічыцца “правакацыяй”.
XS
SM
MD
LG