Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні міліцыянт зьбіў прадстаўніка каманды Казуліна (абноўлены)


Радыё Свабода Сёньня ў Горадні прадстаўніка каманды Казуліна Міколу Ворана жорстка зьбіў міліцыянт. Гэта адбылося ў той час, калі спадар Воран у інтэрнаце заводу аўтаагрэгатаў распаўсюджваў улёткі Аляксандра Казуліна.

А 20-й гадзіне Мікола Воран знаходзіўся ў шпіталі хуткай дапамогі, куды быў дастаўлены з пастарунку. Палату ахоўвае міліцыянт, каб даставіць пацярпелага назад у пастарунак, як мяркуе сам спадар Воран. Разам зь ім знаходзіцца адвакат Уладзімір Кісялевіч, які таксама дзейнічае ў камандзе Казуліна. Спадар Кісялевіч паведаміў, што пацярпелы у вельмі дрэнным стане, праўда доктар, агледзеўшы яго, сказаў, што страсеньня мазгоў нібыта няма.

Сам Мікола Воран сказаў мне па тэлефоне, што ўкідаў у паштовыя скрынкі праграму Казуліна. Зьнянацку нехта ўзяў яго за плячо, гэта быў чалавек у цывільным – праўда, ён назваўся.

(Воран: ) “Супрацоўнік міліцыі Галякевіч Мікалай прапанаваў мне спыніць распаўсюд улётак і пачаў выклікаць нарад міліцыі. Я запытаўся – у чым прычына? Ён сказаў, што ўжо выбары пачаліся, і агітацыя забаронена, — у іх такі загад”.

Паводле Міколы Ворана, міліцыянт пачаў яму пагражаць.

(Воран: ) “Ну, тады я выняў свой мабільны тэлефон і пачаў тэлефанаваць спадару Кісялевічу, адвакату. Ён як пачуў гэта, адразу схапіў мяне, пачаў круціць руку і — галавой аб сьцяну. Далей я слаба памятаю, толькі памятаю, як мяне прывезьлі ў пастарунак міліцыі”.

Зьбіты міліцыянтам Мікола Воран знаходзіцца цяпер у гарадзенскім шпіталі хуткай дапамогі, і яго ахоўвае міліцыянт.

* * * Зьбітага міліцыянтамі ў Горадні удзельніка каманды А.Казуліна Міколу Ворана са шпіталя хуткай дапамогі забралі міліцыянты і некуды павезьлі. Ён пасьпеў па сваім мабільным тэлефоне паведаміць адвакату Ўладзіміру Кісялевічу, што яго вязуць, каб пасадзіць у спэцпрыёмнік. Паводле спадара Кісялевіча, пасьля гэтага ён пачуў, як у Міколы Ворана адбіраюць тэлефон.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG