Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы пасол Расеі: узровень дэмакратыі ў Беларусі "нармальны"


Радыё Свабода Новы пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў ацэньвае узровень дэмакратыі ў Беларусі як "нармальны". Пра гэта дыплямат заявіў 14 сакавіка падчас прэс-канфэрэнцыі ў Мінску, паведамляе БелаПАН.

У любой дэмакратыі "ёсьць пэўны пераходны пэрыяд", і ў асобных краінах ён цягнуўся "некалькі стагодзьдзяў", патлумачыў А.Сурыкаў. Паводле яго слоў, неадкладныя пераходы з аднаго стану ў іншы могуць "пацягнуць непрыемнасьці". Ён таксама параіў пры параўнаньні дэмакратый у розных краінах улічваць "фактар нацыянальных адценьняў".

"Усё прыйдзе ў свой час з разьвіцьцём грамадзтва ў Беларусі, з разьвіцьцём дзяржавы, са станаўленьнем людзей на больш заможны узровень", лічыць кіраўнік расійскай дыпляматычнай місіі.

Першапрычыну крытыкі міжнароднай супольнасьцю сытуацыі ў Беларусі ў сфэры правоў чалавека А.Сурыкаў бачыць у тым, што рэспубліка "дэманструе сваю амаль поўную палітычную і эканамічную незалежнасьць у першую чаргу ад дыктату заходніх краін". "Незалежнасьць не заўсёды падабаецца", – зазначыў дыплямат. Ён таксама зьвярнуў увагу на тое, што становішча ў шэрагу краін, дзе "ўлада далёкая ад дэмакратыі", не выклікае "такіх эмоцый" з боку заходняй супольнасьці, паколькі палітыка гэтых краін ад яе "моцна залежыць".

А.Сурыкаў паведаміў, што прысутнічаў на трэцім Усебеларускім народным сходзе, і заявіў, што яму "імпануе дзяржава, якая ў плянавым, папераджальным парадку вырашае сацыяльныя праблемы", падмацоўваючы іх "рэальнымі дзеяньнямі ў эканоміцы". "У Беларусі ажыцьцяўляецца дакладнае, зразумелае плянаваньне з адкрытымі лічбамі і правіламі гульні", заявіў новы кіраўнік пасольства Расіі ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG