Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр былы прэзыдэнт Эстоніі Ленарт Мэры


Ганна Соусь, Прага Сёньня ва ўзросьце 76 гадоў памёр былы прэзыдэнт Эстоніі Ленарт Мэры. Былы пісьменьнік і кінэматаграфіст Мэры стаяў ля вытокаў незалежнасьці Эстоніі і быў вядучай палітычнай фігурай у Балтыйскім рэгіёне. Ён спрыяў далучэньню Эстоніі да НАТО і Эўразьвязу.

Сымбалічна, што адзін з заснавальнікаў незалежнай Эстоніі памёр 14 сакавіка, калі ў ягонай краіне адзначаюць Дзень роднай мовы.

Сям’я Ленарта Мэры пажадала, каб ягонае пахаваньне адбылося ў сераду з тым, каб яно не перашкодзіла адзначэньню гэтага нацыянальнага сьвята.

Ленарт Мэры нарадзіўся ў Таліне 29 сакавіка 1929 году. Ягоны бацька быў дыпляматам і вядомым перакладчыкам Шэкспіра.

Дзяцінства Мэры прайшло ў Францыі – ён вучыўся ў вядомым ліцэі Жансон-дэ-Сайі ў Парыжы – і пазьней ў Нямеччыне. Савецкая акупацыя ў 1940 годзе засьпела Мэры ў Таліне. Разам з тысячамі латышоў, літоўцаў і эстонцаў сям’я Ленарта Мэры была дэпартаваная за Ўральскія горы. Менавіта там Мэры пачаў цікавіцца фіна-вугорскімі мовамі, і гэтае захапленьне засталося ў яго на ўсё жыцьцё. Дарэчы, Ленарт Мэры валодаў пяцьцю замежнымі мовамі – францускай, нямецкай, ангельскай, фінскай і расейскай.

У Эстонію ён вярнуўся пасьля сьмерці Іосіфа Сталіна. Ленарт скончыў унівэрсытэт у Тарту, аднак савецкія ўлады не далі яму магчымасьці працаваць па спэцыяльнасьці – гісторыкам. Тады ён засяродзіўся на тэатры, радыё і вытворчасьці фільмаў.

Забаронены савецкімі ўладамі фільм Ленарта Мэры “Вецер Млечнага Шляху” пра традыцыі фіна-вугорскага народу атрымаў срэбны мэдаль на кінафэстывалі ў Нью-Ёрку ў 1970-я гады. Мэры пераклаў на эстонскую мову творы Эрыха Марыя Рэмарка, П''ера Буля і Аляксандра Салжаніцына, пісаў кнігі пра падарожжы.

Ленарт Мэры быў адным з заснавальнікаў Эстонскага народнага фронту. Падчас знаходжаньня на пасадзе міністра замежных справаў пачаў усталёўваць партнэрскія сувязі з НАТО і Эўразьвязам, прымаў актыўны ўдзел ў працы Рады дзяржаваў Балтыі.

Ленарт Мэры стаў першым постсавецкім кіраўніком Эстоніі. На працягу яго другога прэзыдэнцкага тэрміну адбываліся перамовы аб ўваходзе Эстоніі ў НАТО і Эўразьвяз.

Выступаючы на рэгіянальнай сустрэчы ў Вільне ў чэрвені 2000 году, Мэры заклікаў Расею не перашкаджаць зьбліжэньню краінаў Балтыі і НАТО, паколькі яно адбудзецца ў любым выпадку.

(Мэры: ) "Я бы параўнаў уваходжаньне краінаў Балтыі ў НАТО з плаваньнем пры халодным клімаце. Балтыйскае мора – гэта даволі халодная маса вады. У затоцы ля майго дому тэмпэратура вады ў гэты час каля 13 градусаў. На маю думку, нашмат лягчэй скокнуць у ваду адразу, чым уваходзіць паступова. І тады пачуваесься ў вадзе цудоўна”.

У рэшце Эстонія далучылася да НАТО 29 сакавіка 2004 году, а празь месяц стала сябрам Эўразьвязу. Тады Ленарт Мэры ўжо ня быў прэзыдэнтам. Ён пакінуў палітыку па завяршэньні прэзыдэнцкага тэрміну ў 2001 годзе.

***

У сераду эстонцы будуць разьвітвацца са сваім першым прэзыдэнтам. Выступаючы па нацыянальным тэлебачаньні, цяперашні кіраўнік краіны Арнольд Руйтэль аддаў даніну памяці свайму папярэдніку, адзначыўшы, што Ленарт Мэры дапамог захаваць і ўмацаваць эстонскую ідэнтычнасьць у часы варожага таталітарнага рэжыму.
XS
SM
MD
LG